Менск і Ворша ў рамане “Каласы пад сярпом тваім”
І Менск і Ворша адлюстрваныя Уладзімірам Караткевічам у рамане “Каласы пад сярпом тваім”.
Вельмі жывымі выглядаюць беларускія гарады 19-га стагоддзя ў прозе Уладзіміра Караткевіча.
“У жніўні тысяча восемсот пяцьдзесят пятага года да Алеся, які ў гэты час жыў у Вежы, прыскакаў з Загоршчыны Логвін, прывёз ліст у грубым пакеце з шэрай паперы.
«Дружа,- пісаў Каліноўскі.- Я скончыў сваю мачыху-прагімназію. Еду паступаць у альма матэр. У Маскву. Хацелася б убачыцца з табою (…). Менску зрабіў прыпынак на чатыры дні і адсюль пішу. Горад вялікі і даволі-такі гразны. Толькі вельмі ўпадабаў Залатую Горку з капліцай старога Роха. Дрэвы вакол, і так прыгожа блішчыць наводдаль Свіслач, і дамы за ёй і цэрквы. Добра сядзець і марыць (…).
Дзесятага траплю, калі верыць падарожнай, у Воршу. Буду там гадзіны чатыры і зусім блізка ад цябе, нейкіх сотню з лішнім – дакладна не лічыў – вёрст. Але гэта таксама далёка, так што не ўбачымся і на гэты раз”.
Сустрэча сяброў Алеся Загорскага і Кастуся Каліноўскага адбываеца ў Воршы. І тут Караткевіч вельмі падрабязна і пазавальна апісвае Воршу:
“…З цугляў каня падала ўжо мыла, калі Алесь, мінуўшы алею, што вяла да белых муроў і сляпучых макавак куцеянскага манастыра, вырваўся, урэшце, на край высокага плато і ўбачыў стромы спуск дарогі, сінюю істужку нешырокага тут Дняпра, а за ёй гарадок, што ўтульна прымасціўся між Дняпром і невялікай рачулкай.
Конь, асядаючы на зад, спускаўся да наплыўнога моста, які нехлямяжа ляжаў на вадзе.
Алесю не было часу разглядаць усё. На станцыі чакаў і вось-вось мог паехаць Кастусь.
Конь загрукатаў падковамі па насціле. Воз з сенам трапіўся якраз на сярэдзіне — і вада заліла бабкі каню. Конь пацягнуўся да вады, Алесь падняў цуглямі ягоную галаву.
Справа тырчалі з вады магутныя, напаўразбураныя аркі каменнага моста, калісьці, відаць, такога шырокага, што тры вазы з сенам маглі праехаць побач і яшчэ засталося б месца двум коннікам.
Гэта былі руіны «моста на крыві», на якім калісь вырашалі свае багаслоўскія пытанні задняпроўскія манахі з іхнімі прыхільнікамі і гараджане з католікаў, узначаленыя шкалярамі з езуіцкага калегіума.
А паколькі на доўгія дыспуты ні ў кога не хапала ні часу, ні розуму, то пераконвалі адзін аднаго ў справядлівасці «свайго» Хрыста спосабам, у якім было мала талеранцыі і яшчэ менш гуманізму. Не апошнімі довадамі ў гэтай спрэчцы было завушэнне, розных ступеняў моцы ўдары бібліяй ці каўчэжцам па галаве, выспяткі.
Да ліку неабвержных доказаў, якія даводзілі няслушнасць апанента і з якімі ўжо не было як змагацца, належалі ўдар бязменам па галаве і скіданне з вышыні ў ваду. І так цягнулася дзвесце год, невядома на чыю карысць.
Узняўшыся на другі бераг, Алесь зноў пагнаў каня. Прамільгнулі з левага боку замчышча, мікалаеўская царква і два касцёлы. Наводдаль лёгка ўзносіліся ў неба дзве званіцы Пакрова-Гумённай царквы.
Замкавай вуліцай вырваўся на Пецярбургскую, высякаючы падковамі іскры з каменных пліт.
Каля аднапавярховага каменнага будынка ямской станцыі стаяла запыленая — хоць ты пальцам на ёй пішы — паштовая карэта, і людзі стаялі на прыступках, а фурман з паштальёнам прывязвалі ўжо вяроўкамі кофры і сакваяжы.
Ён асадзіў каня і скочыў з яго, кінуўшы павады.
Нейкія не тыя людзі. Стары чыноўнік з клуначкам… Жанчына ў чапцы, відаць, ягоная жонка… Семінарыст… Два шляхцюкі з сярэдніх.
— Скажыце, дыліжанс па смаленскай лініі рушыў ужо?
У той самы момант, як спытаў гэта ў семінарыста, з радасцю ўбачыў, што не спазніўся.
Кастусь сядзеў ля сцяны, на лавачцы. Сядзеў, палажыўшы падбароддзе на сугіб рукі, і глядзеў сваімі сінімі вачыма, як запрагаюць коней”.