„На што не спадзяешся”



„Што было, што будзе, на што не спадзяешся”, – менавіта так раскладвала бабуля маёй аднагрупніцы карты для варажбы.

Па-беларуску раскладвала, хаця казала, што сама палячка, а муж яе служыў у Войску польскім. Нават здымак паказвала мужа ў польскай форме.   

„На што не спадзяешся”, –  самы загадкавы момант у варажбе. 

А раскладваліся карты ў 1990 годзе.

Наш пяты курс, мы заканчвалі ўніверсітэт – беларускі філфак. 

Першы раз актыўна ўдзельнічала ў выбарах ў 1990 года, калі Алесь Бяляцкі ішоў ў гарсавет. Паспяхова – прайшоў.

Апошні раз актыўна ўдзельнічала ў выбарах у 1995 годзе, на рэферэндме 1995 годзе і першым туры выбараў была назіральніцай ў пасёлку Прывольны.

І як не памерла ад інсульта тады – не ведаю. Шок суцэльны. Адчуванне, што ўсё рухнула.

Падчас другога туру тых жа выбараў удзельнічала ў камандзе ў Ігара Герменчука ў Светлагорску.

Раніцай пасля выбраў па тэлевізары ўбачыла, як памежны слуп Ельцын з Лукашэнкам выкопваюць на мяжы – Беларусі і Расеі. Тады было адчуванне, што ўжо ўсё. Мы там.

У 2001 і 2006 яшчэ хвалявалі выбары.

І помню надзвычайныя прыродныя з’явы.

У 2001 годзе – залева на Плошчы, так што ў момант змоклі ўсе да ніткі.

У 2006 годзе – штучны снег, пасля якога твар некалькі дзён гарэў, а трэба было працаваць – дапамагаць:- і насілі на плошчу шкарпэткі, і вялі ўлік затрыманых і размаўляла са сваякамі затрыманых па тэлефоне. А тэлефон на „Вясне” – разрываўся, ад яго немагчыма было адыйсці.

Выбары 2010 – не заўважыла – усё прайшло міма.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ