Не “расстрэл”, а “запаленне мозгу”
Праз перасыльную турму ў Воршы, якая месцілася ў будынках Езуіцкага калегіуму, прайшла незлічоная колькасць ахвяраў сталінскага рэжыму. Ворша – буйны чыгуначны вузел, тут спыняліся цягнікі, якія везлі рэпрасаваных і з Усходу, і з Захаду. Зараз на месцы турмы адрэстаўраваны Калегіум езуітаў.
Расстрэлы адбываліся ў г. Ворша каля Магілёўскай шашы (цяпер мікрараён-3) ў 20-30 гады 20 стагоддзя. Месца ніяк не ўшанаванае, не мае памятных знакаў. З’яўляецца месцам адпачынку жыхараў мікрараёну. Людзі, якія прыходзяць сюды распіваць спіртныя напоі не ведаюць, што п’юць на магілах. У 80-ыя гады 20 стагоддзя аршанскі даследчык Юрась Копцік, які на той час працаваў карэспандэнтам газеты “Ленінскі прызыў”, шмат ездзіў па раёне і сабраў унікальны матэрыял – успаміны сведкаў расстрэлаў і сваякоў расстраляных.
Пры сустрэчах Юрася Копціка са сваякамі расстраляных высветлілася яшчэ адна малавядомая акалічнасць – падчас хрушчоўскай “адлігі”, калі пайшла першая хваля рэабілітацыі, у пасведчаннях пра смерць расстраляным пісалі іншыя прычыны смерці, бо колькасць расстраляных была неверагодна вялікай. – Пазначалі ў пасведчаннях аб смерці, напрыклад, не “расстрэл”, а “запаленне мозгу”. І толькі пасля “перабудовы”, у 90-ыя гады сваякі расстраляных пры Сталіне здолелі даведацца сапраўдную прычыну смерці сваіх блізкіх – расстрэл, – кажа Юрась Копцік. Смяротнае пакаранне становіцца “звыклай з’явай” падчас падчас масавых рэпрэсій.
Смяротнае пакаранне, якое захоўваецца ў Беларусі, можа быць выкарыстана не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў. Злачынствы камунізму не былі асуджаныя ў Беларусі, і сучасная ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемніцай той улады, якая здзяйсняла масавыя расстрэлы нязгодных.