Нераскрытыя злачынствы супраць газеты “Свабода”
У ноч на 1 лістапада 1998 года офіс рэдакцыі газеты “Навіны” (“Свабода”), які знаходзіўся на першым паверсе жылога дома на вуліцы Змітрака Бядулі, быў абрабаваны, следства па справе распачалі супрацоўнікі Партызанскага РАУСа г.Менска. Мне давялося запісаць інтэрв’ю з галоўным рэдактарам газеты “Свабоды” Ігарам Гермянчуком, у тым жа лістападзе 1998 года, запыталася і пра іншыя злачынствы супраць гадеты “Свабода”. Ігар Гермянчук распавёў: “Аналагічнае злачынства – крадзёж кампьютараў, пры тым толькі працэсараў, быў учынены два гады таму (1996 год) з майго прыватнага дому. У хаце таксама былі дастаткова каштоўныя рэчы, але чамусьці скралі толькі працэсар. Акрамя таго было яшчэ адно не вельмі прыемнае здарэнне для мяне і маёй сям’і ў лютым 1997 года. У вакно майго рабочага кабінета быў зроблены прыцэльны стрэл. Мы вярнуліся ўвечары з сям’ёй дахаты і пабачылі, што шыба прабітая куляй. Самае непрыемнае тое, што куля прайшла як раз праз тое месца, дзе я сяджу за сталом, калі кожны вечар і кожную ноч позна працую. У гэты час бачнае святло ў вакне, бачны сілуэт чалавека. Такім чынам, я думаю, што гэты стрэл быў зроблены з папераджальнымі мэтамі. З мэтаю запалохаць, паўплываць на мяне, як на рэдактара, каб газета стала больш лаяльнай да прэзідэнта і яго палітыкі. Супрацоўнікі міліцыі, якіх я выклікаў, прыехалі, усё пабачылі і знайшлі кулю. Яны пацікавіліся ў мяне: “Хто гэта вас такім чынам папярэджвае?” Я сказаў: “У мяне няма іншых ворагаў, апрача прэзідэнта Лукашэнкі і ягоных людзей!” Вось два красамоўныя прыклады, калі злачынствы засталіся нераскрытымі. Крадзёж з офіса рэдакцыі таксама можа напаткаць лёс нераскрытага злачынства”.