Нябачная мяжа



Бывае, што прыязджаю ў Воршу а трэцяй ночы.

У свеце людзей гэта дурны час – на вакзале ўжо няма знаёмых таксістаў і перапынак у абменніку.

І ў гэты ж час назіраю прыродныя з’явы, якія без людзей. на нашай вуліцы, што збягае да Дняпра.

У канцы вуліцы, амаль на беразе, каля апошняга дому – ліхтар – ён асвятляе завяршэнне вуліцы, як сцэну.

Ноч.

Іду з гары.

Бачу, як дарогу перабягае вожык – ад суседзяў Баркоўскіх да нашага панадаворку.

У святле ліхтара вожык адкідвае цень і выглядае, як дзікаабраз

 Перабягае вуліцу.

І ўсё спакойна.

За вожыкам з’яўляецца шэры кот Баркоўскіх. 

Кот даходзць да сярэдзіны вуліцы, пераступае нябачную мяжу, і з нашай брамы на яго кідаецца кот – Катовіч, той, што ў мяне на тату, на правай руцэ.

Катовіч заўсёды сустракае мяне ноччу, як так атрымліваецца – не ведаю.

Не ведаю, і дзе праходзіць нябачная мяжа пасярэдзіне вуліцы, якую можа пераходзіць вожыкам і нельга іншым катам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ