Васьмісакавіцкае пекла
Уцямілі: Свята 8 сакавіка – свята жанчын, якія адстойваюць свае правы.
Так было і на пачатку ў 1910 годзе, калі свята толькі з’ явілася.
А пасля… у СССР, недзе ў часы застою, калі змагаліся ўжо не за правы, а за дэфіцыт і фрагменты камфортнага ладу жыцця 8 сакавіка ператварылася ў “свята духоў і кветак”.
І яшчэ ў “свята вясны”, яшчэ ў свята віншаванняў ад мужчын і падарункаў – таксама ад мужчын.
Каго мужчына не павіншаваў – той і не чалавек быццам бы. Так было, так часам ёсць і цяпер.
8 сакавіка зрабілася святам спаборніцтваў – вясновай Алімпіядай, змаганнем за ўвагу мужчын.
Слёзы.
Комплексы.
Адчуванне непаўнавартаснасці.
Васьмісакавіцкае пекла.
Жанаты мастак казаў сваёй напаўразведзенай каханцы:
– Хочаш падарую галандскі брыліянт?
– Хачу.
– Ніколі. Усе брыліянты павінны заставацца ў сям’і. Чытай Энгельса – “Сям’я, прыватная ўласнасць і дзяржава”. Але я магу купіць табе боты, калі ты пагодзішся хоць раз набыць не чорныя боты, а бардовыя ці зялёныя.
– Не.
– Паглядзі ты кожны раз набываеш сабе аднолькавыя боты. Які ў гэтым сэнс? Таму што старыя знасіліся?
– Я вельмі кансерватыўная.
– Колькі разоў я табе казаў: не выкарыстоўвай словы, значэнне якіх не разумееш. Возьмеш боты іншага колеру, і я табе іх падарую.
– Не.
– Ну, і ідзі ты… са сваёй пэтэўшнай модай
– З якой пэтэўшнай?!!!
– Такая, пра якую Цой спяваў: «Все они в кожаных куртках, всё они большого роста».