Пакараны смерцю святар
8 сакавіка 1863 году ксёндз Станіслаў Ішора зачытаў у касцёле паўстанцкі маніфэст і прывёў да прысягі паўстанцаў. Калі арыштавалі пробашча Жалудоцкага касцёла Юзафа Ясінскага, звінаваціўшы яго ў дэкламаванні маніфэсту, ксёндз Станіслаў Ішора добраахвотна здаўся, каб вызваліць святара.
Згодна з архіўнымі звесткамі, якія сабраў паэт Сяржук Сокалаў-Воюш, за заклікі да паўстання разам са Станіславам Ішорам былі аддадзеныя пад суд ксяндзы Раймунд Зямацкі і Адам Фалькоўскі, арганіст Адам Калясінскі, пісар Гаеўскі і стражнік Яцэвіч. «Першапачаткова ў траўні 1863 году вайсковы суд пры штабе 2-й Гвардзейскай пяхотнай дывізіі пад старшынствам генерал-лейтэнанта Весяліцкага асудзіў Станіслава Ішору на 5 гадоў сібірскай катаргі, – адзначае Сяржук Сокалаў-Воюш. – Аднак на паўторным паседжанні, праведзеным цягам аднаго дня пад кіраўніцтвам палкоўніка Ўласава, ужо было прынятае зусім іншае рашэнне: расстрэл”.
Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў, які атрымаў мянушку «Вешальнік» на справу святара Станіслава Ішоры наклаў рэзалюцыю: «Ксяндза Ішору расстраляць у Вільні, арганіста Калясінскага, пазбавіўшы ўсіх правоў, саслаць на 12 гадоў катаргі ў шахты-капальні».
Паводле адных звестак, Станіслаў Ішора быў расстраляны 3 чэрвеня (22 траўня) 1863 году ў Лукішскай вязніцы, паводле іншых – публічна на Лукішскай плошчы. Ксяндзу Станіславу Ішору было 24 гады.
Адзін з душыцеляў паўстання, сведка пакарання Аляксандр Масолаў пісаў у мемуарах, што ксёндз Станіслаў Ішора “бадзёра ішоў на смяротнае пакаранне”. Сведкі пакарання ўспаміналі, што Станіслаў Ішора звярнуўся да людзей са словамі: «Мы паміраем, а вам перадаём далейшы лёс Айчыны».
У 1933 годзе ў касцёле святога Якуба ў Вільні змясцілі мемарыяльную шыльду: «Святой памяці ксёндз Станіслаў Ішора, народжаны ў Вільні 12.IV.1838, вікарый у Жалудку, каплан-герой, забіты за справу касьцёла і нацыі ў Вільні на Лукішках 3.VI.1863 году. Слава яго памяці».
У 2003-м, да 140-годдзя паўстання, на касцёле ў Лідзе была ўсталяваная мемарыяльная шыльда ў памяць пра расстраляных ксяндзоў Станіслава Ішору, Раймунда Зямацкага і Адама Фалькоўскага. Зрабіў шыльду скульптар Рычард Груша, на шыльдзе выява паўстанцкага герба — Арол, Пагоня і анёл з мячом.
22 лістапада 2019 года ў Вільні ўрачыста на могілках Росы перапахавалі парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў на Гары Гедыміна, але навукоўцы не здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсць генетычныя дадзеныя сваякоў Станіслава Ішоры, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Каб не смяротнае пакаранне, святар Станіслаў Ішора сваім маральным аўтарытэтам і душпастарствам падтрымліваў бы духоўныя сілы змагароў за Незалежнасць.