Памёр, не дачакаўшыся справядлівасці



Стала вядома, што памёр Міхаіл Гладкі – ахвяра памылкі суда і следства.  

Гісторыя гэтая, як шмат якія гісторыі жорсткіх забойстваў, шчыльна павязаная з алкаголем і людзьмі, якія спажываюць алкаголь без меры – да страты памяці і свядомасці. 

10 кастрычніка 2002 года Міхаіл Гладкі прыйшоў да маці ў дом, дзе яна жыла з сынам Віктарам.

У доме ён пабачыў мёртвую маці і брата. 

Міхаіл Гладкі вырашыў, што брат забіў маці, а сам спіць п’яны на ложку.

Міхаіл схапіў сякеру і ўдарыў па галаве брата.

Пасля сам выклікаў міліцыю.

У судзе віну прызнаў цалкам, быў асуджаны. 

Адседзеў 5 гадоў у калоніі.

Сапраўднага забойцу,  які забіў маці і брата Міхаіла, звалі Эдуард Лыкаў. 

Забойцу затрымалі ў 2011 годзе, ён прызнаўся ў шматлікіх забойствах і ў тым, што маці і брата Гладкага забіў за суткі да прыходу Міхаіла – 9 кастрычніка.

Кажуць, што пасля забойства Лыкаў пакінуў на сцяне надпіс крывёю ахвяры ў стылі галівудскіх маньякаў “Знайдзі мяне і забі”. 

На надпіс ніхто не звярнуў належнай увагі. 

Ніхто нікога не шукаў, за забойства быў асуджаны Міхаіл Гладкі.

З 2014 года Міхаіл Гладкі дамагаўcя аднаўлення права на кампенсацыю шкоды за незаконнае асуджэнне.

У 2019 годзе Міхаіл Гладкі памёр, не дачакаўшыся справядлівасці. 

За забойства, якое ён не здзяйсняў, Гладкі мог быць расстраляны.  

Зрэшты, сапраўдны забойца – Эдуард Лыкаў быў расстраляны. 

Магчымасць судовай памылкі – адзін з важкіх аргументаў супраць смяротнага пакарання.

У Рэспубліцы Беларусь да смяротнага пакарання могуць быць асуджаныя мужчыны ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў.   

Беларускае Радыё РАЦЫЯ