Пілуюць расстрэльны лес
А тым часам расстрэльны лес на Магілёўскай шашы ў Воршы высякаюць, цікава – ці ў сувязі з караедам ці збіраюцца працягваць будаваць мікрараён – вось калі і адкрыюцца косткі на „Магіліёўцы” – там расстрэльвалі шмат святароў.
Дзе былі дрэвы цяпер пні і маліннік, які разрастаецца.
Мікрараён-3 шчыльна падступае да лесу, дзе ў 30-ыя гады расстрэльвалі людзей, і мясцовыя жыхары бачылі рукі, якія тырчалі з расстрэльных ямаў.
Мясцовыя жыхары спрабавалі ставіць крыжы над расстрэльнымі ямамі.
У той час ад турмы машыны з ахвярамі і катамі ехалі ў розныя бокі – у бок Кабыляцкай гары і на Магілёўскую шашу.
Цяпер месца расстрэла на Магілёўскай шашы малавядомае.
У першыя гады Неазалежнасці мясцовыя ўлады планавалі паставіць тут і на Кабыляках мемарыяльны знак.
На Кабыляках паставілі вельмі густоўны помнік – вялізны валун – чырвоны дняпроўскі граніт, які разам з навакольным краявідам проста крычыць пра здзейсненыя тут злачынствы. І сойкі крычаць на дрэвах чалавечымі галасамі, як душы памерлых. Сойкі-пераймальніцы, яны не маюць уласнага спеву, у іх галасах чуюцца стогны і скаргі расстраляных ды крыкі іх катаў.
Мемарыяльны камень на Кабыляках паставілі ў 1994 годзе, а на Магілёўскай шашы не паспелі – улада змянілася.