Пляж па вуліцы Караткевіча
На пляжы ў Воршы па вуліцы імя Уладзіміра Караткевіча супрацоўнік міліцыі на беразе Дняпра падыйшоў да падлеткаў і сказаў, каб не лаяліся матам, сказаў, што за гэта штрафуюць, а таксама сказаў, каб яны не палівалі адзін аднаго брудам (у прамым сэнсе – не кідаліся гразёй) і памылі спіны.
На наступны дзень на беразе супрацоўнікаў міліцыі ўжо не было, і пад пляжным грыбком выпівалі жанчына ў белым, мужчына ў белым і мужчына ў чорным спартовым касцюме з лампасамі.
Мужчына ў чорным сказаў:
– Хочаш забірай яе сабе.
Мужчына ў белым сказаў:
– Забяру.
Мужчына ў чорным сыйшоў.
– Жыць з табой буду, а е… ся не буду, – сказала жанчына.
А ў іх бок ужо накіроўваліся два ратавальнікі і малы руды сабачка – ён асірацеў некалі – гаспадар памёр і яго забралі з вёскі ў горад.
Шумелі пад ветрам ліпы 1914 года пасадкі, пад імі любіў у свой час выпіваць Уладзімір Караткевіч з сябрамі, якія прыязджалі да яго з Менску.