Помнік Яўгеніі Пфляўмбаўм



Скульптар Алесь Шатэрнік распавёў, як рабілі надмагільны помнік Яўгеніі Пфляўмбаўм. Я запісала яго аповед на дыктафон. Запіс зроблены 4 жніўня 2022 года. Скульптар Алесь Шатэрнік шмат ведае пра жыццё і пра смерць. Ведае пра смерць, бо давялося рабіць надмагільныя помнікі шмат каму з выбітных беларусаў. Вось аповед скульптара Алеся Шатэрніка пра помнік Яўгеніі Пфляўмбаўм: „Максім Лужанін жыў у доме насупраць Парку Горкага. Калі я патрапіў да яго у кватэру, Яўгеніі Пфляўмбаўм ужо не было ў жывых, пачалася эпапея з усталяваннем помніка ў Паперні. Але вершы Яўгеніі Пфляўмбаўм былі шыкоўныя, я атрымаў кніжачку і быў уражаны. Для мяне –  адкрыццё. Была вядомая постаць Лужаніна – „даглядчыка Якуба Коласа”. Але пра яго жонку я не ведаў. Жылі яны удваіх. Родных не было ні ў яго, ні яе. Я называў яго Аляксандр Амвросьевіч – па бацьку. Каратай яго прозвішча. Лужанін – псеўданім. Пазнаёміўся з ім праз Маю Тодараўну Кляшторную, якая сябравала з мастакамі, уваходзіла ў сяброўскае кола. Яе дачка, Света, дапамагала Аляксандру Амвросьевічу. Ён актыўны яшчэ, мог і чарку ўзяць. Прыходзілі да яго пісьменнікі і даследчыкі літаратуры. Міхась Скобла, Вячаслаў Рагойша, Сяргей Законнікаў. У яго было шмат кніг, сярод іх кніга Міколы Шатэрніка – мовазнаўцы, бацькавага дзядзькі пра чэрвеньскую гаворку. Кніга без вокладкі, былі адарваныя некалькі першых старонак. Куды пасля смерці Лужаніна падзелася кніга, я не ведаю. Для помніка на магілу Яўгеніі Пфляўмбаўм быў замоўлены граніт, вышынёй метраў паўтары. Тоўсты такі. Чырвоны граніт. Назва спецыяльная ёсць – токаўскі. Токаўскі граніт. Наверсе была зробленая зорка – чатырохканцовая, з беларускага арнамента, зорка-крыж. Крыжык зоркай, такі вышываецца на беларускіх посцілках. Зорка падобная на сняжынку. Прыгожа так атрымалася. Я прапаноўваў Лужаніну зрабіць партрэт Пфляўмбаўм, сімволіку. Але ён не хацеў. Захацеў камень і зорку. Камень капітальны такі. Вялікіх грошай каштаваў. Мае сябры-каменацёсы здабылі. У мяне быў дазвол на камнярэзны завод. І адтуль я купляў часам. камяні капітальныя. А шыльда звычайная была селумінавая. Дамовілся рабіць шыльду селумінавую, бо бронзу маглі скрасці. Па-беларуску напісана: Яўгенія Пфляўмбаўм. Лужанін не хацеў партрэта на помніку. Такі шыкоўны камень. Мне здавалася, што занадта сціпла без партрэта. Я прапаноўваў, не мог не прапанаваць, але ён адмовіўся. І яшчэ… пра гэта тады наўпрост не казалася, але было зразумела, што будзе там яшчэ адно прозьвішча. І пахавалі там і Лужаніна, калі ён памёр. Могілкі ў вёсцы Паперня пад Менскам. Скульптура такі від творчасці, што даводзілася рабіць шмат надмагілляў. Я зрабіў помнікі Язэпу Драздовічу, Фёдару Янкоўскаму, Рыгору Семашкевічу, Варлену Бечыку, Генадзю Бураўкіну”.

Скульптар Алесь Шатэрнік у ЗША піша ўспаміны і згадваць малавядомы дэталі жыцця ў Менску.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ