Пра настальгію па СССР



Цяпер мала хто можа дакладна аднавіць у памяці 70-я гады ХХ стагоддзя, бо 70-я гады ў СССР — гэта іншы свет, у параўнанні з сённяшнім часам. Адбітак гэтай рэчаіснасці 70-х мы знаходзім у публіцыстыцы вядомага беларускага дысідэнта савецкіх часоў Міхася Кукабакі. За свае перакананні, за супрацьстаянне таталітарнай сістэме Міхась Кукабака пры СССР амаль 17 гадоў правёў у турмах ды спецбальніцах.

Мяне хвалявала меркаванне Міхася Кукабакі пра тое, чым выкліканая настальгія па СССР? Гэтае пытанне я задала яму ў лісце. І атрымала адказ:  “Пакаленне постперабудовы, настальгуе хутчэй па міфам савецкага перыяду, прывітых масіраванай прапагандай і састарэлымі сваякамі. Самым маладым з савецкага мінулага сёння каля 50 гадоў, калі ўзяць за адлік тых, хто дасягнуў 20 гадоў у 1985 годзе. Гэты год можна лічыць апошнім годам савецкай эпохі. Хоць фармальна яна існавала да знакавай падзеі – крушэння Берлінскай сцяны. Да 20 гадоў большасць людзей сканчаюць вучыцца і, набыўшы працоўныя навыкі, зарабляюць сабе на хлеб. Што памятае з мінулага сённяшні 50-гадовы? Вялікая імперыя была на піку магутнасці. Пад савецкай акупацыяй траціна Еўропы. Акрамя таго, матэрыяльная падтрымка ці не ўсіх таталітарных рэжымаў. На ўтрыманні Крамля былі «пятыя калоны” – камуністычныя партыі таксама амаль ва ўсіх краінах. Ну, а якое жыццё ўнутры краіны для звычайнага працоўнага і калгасніка? Суцэльны дэфіцыт ва ўсім. Галеча і ўбогасць духоўнага жыцця з прычыны цэнзуры на ўсё. І ў той жа час ілюзія «роўнасці», ці амаль роўнасці, ва ўсёй гэтай убогасці. Наменклатура і яе абслуга жылі закрыта ад грамадства, не выпінаючы свае прывілеі. Для іх курорты і спецпаліклінікі, спецразьмеркавальнікі тавараў і прадуктаў, спецзаробак. І вось гэтая закрытасць стварала ілюзію нейкай справядлівасці для шырокіх мас”.

А я дадам: дакладна памятаю, як ніводны чалавек  у Менску не выйшаў абараняць КПСС ды савецкія каштоўнасці ў жніўні 1991 года, калі па цэнтры горада дэманстранты насілі сімвалічную труну з целам кіруючай партыі.

За 25 гадоў вырасла новае пакаленне, якое жыве без СССР. Савецкае сыходзіць натуральным чынам, і праз усе палітычныя, эканамічныя ды іншыя змены.

Шкада пры гэтым адчуваць, якія былі надзеі пачатку 1990-х, шкада ведаючы, што будзе потым.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ