Працяг гісторыі пра магілу Багдановіча
Цяпер распавяду пра тое, што мы рабілі ў Ялце пасля завяршэння Дзён беларускай культуры ў траўні 1991 года, пасля таго, як афіцыйная дэлегацыя і артысты з’ехалі. Нам з Аленай Кісялевіч трэба было напісаць „аб’ектыўку” для Міністэрства культуры пра магілу Максіма Багдановіча ў Ялце.
У той час абмяркоўвалася магчымасць (немагчымасць) пераносу парэшткаў у Менск. У нас было апісанне магілы, якое склаў бацька паэта Адам Багдановіч ў траўні 1917 года (вывучанае на памяць практычна), быў артыкул Уладзіміра Дубоўкі ва „Узвышшы” з апісаннем экспедыцыі Інбелкульта ў 1924 годзе, калі магілу знайшлі па апісанні бацькі і таблічцы ад крыжа, на якой дзеці каталіся з гары па серпантыне.
Мы паехалі на старыя гарадскія ялцінскія могілкі, менавіта на іх быў пахаваны Максім Багдановіч. Былі літаратуныя тэксты (напісаныя сучаснымі літаратарамі), дзе пісалася, што Багдановіч пахаваны на Палікураўскіх могілках, для Беларусі назва гучала вельмі паэтычна, але часам уводзіла ў зман людзей, бо могілки тыя знаходзяцца па-за горадам, і там няма магілы Багдановіча.
На могілках мы хутка знайшлі магілу, агледзелі ўсё, што побач – ніякіх магіл з апісанняў старых побач не было.
Схадзілі ў кантору – там апрача ўсяго рабілі труны, мы пагаварылі з супрацоўнікамі, якія сядзелі на чырвонай труне, даведаліся пра магчымасць змяшчэння пластоў зямлі разам з парэшткамі.
Усё сведчыла пра тое, што магіла можа быць сімвалічнай.
У Менску напісалі артыкул у газету „Літаратура і мастацтва”, дзе выкладалі ўсё, што вядома пра магілу Багановіча ў Ялце. У тым жа годзе скульптар Павел Лук прынёс у музей эскіз помніка, які можна было бы паставіць на магіле – помнік з Амурам – на матыў рандэлю Максіма Багдановіча „Амур і сумны і прыгожы стаіць з павязка на вачах ля склепу”. На жаль, гэта эскіз застаўся эскізам. Чаму – не ведаю. Але ў 1991 годзеПавел Лук зрабіў цудоўны помнік на магілу Адама Багдановіча ў Яраслаўлі. Пра гэта аповед асобны.
Для мяне гісторыя з магілай мела працяг у 1998 годзе, калі энтузіяст Анатоль Белы абвясціў, што збірае грошы на перанос парэшткаў Максіма Багдановіча ў Менск, надрукаваў банкаўскі рахунак у шэрагу выданняў, сцвярджаў, што зробіць гэта асасбіста. Я не вытрымала і напісала артыкул у газету „Свабода”, дзе пісала, пра ўсё, што і ў 1991 годзе ў „ЛіМ”. Але дадала што чалавек, які можа прапаноўваць такое – авантурыст. Галоўны рэдактар газеты „Свабода” Ігар Гермянчук тонкім алоўкам выкрэсіў слова „авантурыст” , сказаў: „Навошта вам суды”. Але аловак быў вельмі тонкім, артыкул пайшоў у друк са словам „авантурыст”.
І суд быў. Дакладна паўгады судоў. Сума заяўленай у зыску кампенсацыі пашкоджанага „гонару і вартасці” (менавіта так было ў зыску) раўнялася кошту аднапакаёвай кватэры ў Менску. Але ў выніку сплаціла я суму, якая раўнялася пяці далярам, бо сваякі Максіма Багдановіча з Ніжняга Ноўгарада даслалі натарыяльна заверны ліст, што яны супраць пераносу праха. Ліст быў далучаны да матэрыялаў судовай справы.
час Па судах у 1999 годзе я хадзіла ўжо з пісьменнікам Кастусём Тарасавым, бо Ігар Герменчука на той ужо не быў рэдактарам газеты.