Прыступкі да паэзіі Максіма Багдановіча



Упершыню верш Максіма Багдановіча я пачула ў пад’ездзе дома 106 па вуліцы Савецкай у Гомеле. На сёмым, апошнім, паверсе. Мне прачытала верш дзяўчына-суседка. Мы сядзелі на прыступках, якія вялі на гарышча.

Мы вельмі любілі сядзець на гэтых прыступках з Ленай і распавядаць пра рознае – цікавае. І Лена сказала, што зараз прачытае мне верш па-беларуску, але хай мяне гэта не бянтэжыць, бо хаця звычайна беларускія вершы “непрыгожыя” (быў тады ўстойлівы стэрэатып пра беларускае як пра другаснае і нецікавае), але гэты верш – выключэнне. Лена прачытала верш “Слуцкія ткачыхі”. Сяброўка была старэйшая, у школе мы пакуль не праходзілі Багдановіча – пра праграме не дайшлі.

Мы жылі ў Гомеле ва ўніверсітэцкім гарадку ў доме для выкладчыкаў і студэнтаў. Сяброўка Лена жыла з маці і айчымам, які разводзіў птушак. Іх у яго было больш за 30, і яшчэ ў яго атрымалася звесці разам зябліка і канарэйку. Птушка, якая атрымалася ў выніку, то спявала, як канарэйка, то пачынала пранізліва рыпець.

Пасля было знаёмства з Максімам Багдановічам у межах школьнай праграмы, але наша школьная настаўніца, Кудраўцава Клаўдзія Аляксандраўна, больш любіла Янку Купалу і Францішака Багушэвіча – у вольны час яна чытала нам паэмы “Кепска будзе” і “Бандароўна” – па памяці.

Але маці паказала мне рандэль – “Нам могілках” — “Амур і сумны і прыгожы стаіць з павязкай на вачах ля склепу”. Верш быў ў зборніку, набытым у 60-ыя гады ў Маскве ў кнігарне, дзе прадавался Літаратура народаў СССР. Здаецца цяпер менавіта там месціцца знакамітая кнігарня “Біблія- Глобус”, а можа я і памыляюся.

Бацькі вучыліся ў Маскоўскім ўніверстэце, дзе навучаліся студэнты з усіх рэспублік, і ў 60-ыя гады ў гэтым асяродку ўзнікла мода на ўсё нацыянальнае.

Моднымі былі літоўскія мастакі – Чурлёніс, Шымоніс, а таксама студэнты імкнуліся падкрэсіць сваю нацыянальную адметнасць, і мелі ў сябе кігі на нацыяотных мовах. Так першы зборнік Максіма Багдановіча, які трапіў да мяне быў набыты ў Маскве.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ