Рагачоў: дом, у якім любіў жыць Караткевіч
Былі ў Рагачове. Даследчык Андрэй Чарняўскі правёў экскурсію па мясцінах, якія наведваў Уладзімір Караткевіч падчас апошняга развітальнага (пра што ён не ведаў) прыезду ў Рагачоў у чэрвені 1984 года.
Былі на вуліцы імя Караткевіча ў доме Грынкевічаў – сваякоў Караткевіча па маці, дзе ў гасцях у дзядзькі Ігара любіў бываць і часта бываў Уладзімір Караткевіч з маці і без маці.
Пабудаваны напачатку 20-га стагоддзя вялізны гарадскі дом з высокімі–высачэзнымі столямі, пяццю пакоямі, густоўнымі лаканічнымі ліштвамі. Ёсць і вялікая печка з плітой, дзе гатавала маці Уладзіміра Караткевіча. Гэта дом яе роднага бацькі Васіля, тут праходзіла юнацтва маці Караткевіча – Надзеі Васілеўны.
Гаспадары сустрэлі вельмі прыязна. Мы прыехалі з кветкамі да мемарыяльнага знаку, які ля дома. Апошні прадстаўнік рода Васіль Грынкевіч мне шмат паказаў у доме, у якім нарадзіўся і гадаваўся. Уразіў гадзіннік у стылі мадэрн, які Васіль заводзіць у памяць пра Караткевіча.
Гадзіннік – аднагодак дома. Пачатак 20-га стагоддзя.
Васіль Грынкевіч бачыў Уладзіміра Караткевіча ў самым раннім дзяцінстве, ездзіў у адной машыне з Караткевічам, а за рулём быў дзядзька Ігар. Пра гэты факт Уладзімір Караткевіч піша ў перадсмяротных нататках 1984 года – за паўтары месяцы да смерці. Васіль – сын стрыечнага брата Уладзіміра Караткевіча, Сяргея Грынкевіча, які памёр у мінулым годзе. Тамара Іванаўна, удава Сяргея Грынквіча, распавяла, што ім адным з сынам у 2020 годзе зімаваць цяжка было, яны мерзлі і не хапала дроў. Казала пра тое, што яе муж Сяргей Грынкевіч быў вельмі прывязаны да дому і хацеў у ім памерці.
Гэта сапраўды вельмі рэдкая для Беларусі гісторыя, калі адна сям’я жыве ў адным доме больш за 100 год. Хаця можа быць і не такая рэдкая. Цяпер Тамару палохае халодная зіма.
Дом сваякоў Караткевіча ўразіў мяне тым, як там разгортваецца прастора з вялізнымі пакоямі, калідорамі, парадным выхадам і кранштэйнам ля выхаду ў стылі мадэрн.
Я раней ніколі не была ў такіх дамах.
А яшчэ тут адчуваецца прысутнасць Уладзіміра Караткевіча і цэлай чарады яго блізкіх, якія жылі і паміралі ў доме.
І сам Караткевіч паспеў развітацца з домам.
Дзякуй Андрэю Чарняўскаму, паэтцы Насце Кудасавай і сваякам Уладзіміра Караткевіча – Васілю і Тамары Грынкевічам.