Ракуцёўшчына і Лукашэнка



Зноў пра музей Максіма Багдановіча ў гістарычным кантэксце.

Летам 1995 года я запрасіла маму ў Ракуцёшчыну, дзе мы працавалі над аднаўленнем сядзібы Лычкоўскіх. 

У Ракуцёўшчыне летам 1911 года па запрашэнні братоў Луцкевічаў гасцяваў Максім Багдановіч.

З 1993 года там аднаўляліся гаспадарчыя будынкі сядзібы, якія папаўняліся экспантатамі, здабытымі ў музейных этнаграфічных экспедыцыях 1993-1994 у наваколлі Ракуцёўшчыны.

З Менску ехалі электрычкай да станцыі Уша.

Ехалі: Генадзь Чысты мастак, які рабіў мастацкую канцэпцыю сядзібы, Алесь Бяляцкі, дырэктар музею, мастацтвазнаўца Ганна Фурс, якую запрасілі як экспертку па этнаграфіі. 

У Красным мы падыйшлі да неагатычнага касцёла Унебаўзяцца Найсвяцейшай Маці Марыі 1912 года пабудовы.

Пагаварылі пра тое, што ў 1911 годзе, калі Багдановіч гасцяваў у Ракуцёўшчыне, касцёл дабудоўваўся, і Багдановіч, пэўна,  хадзіў глядзець на будоўлю.

Мы ехалі аглядаць клець, якая была адноўленая на сядзібе на старым падмурку – самая цікавая пабудова, бо там захаваўся падвал з вінтавой каменнай лесвіцай уніз – і гэта адзінае, што было аўтэнтычна-некранутым з часоў Багдановіча.

У прамым сэнсе слова – адкапанае.

Яшчэ ў электрычцы гаварылі пра палітыку – пра жаніцьбу Пазняка, і пра тое, што будзе далей з краінай.

У Ракуцёўшчыне – мы з Ганнай Фурс і Генадзем Чыстым абмяркоўвалі экспазіцыю клеці.

А мая мама пыталася ў Бяляцкага: ці доўга пратрымаецца Лукашэнка пры ўладзе? Мама здзіўлялася: чаму кажуць, што ў яго ёсць харызма, хаця яе няма?

Алесь Бяляцкі адказваў стрымана, пры гэтым засяроджана чысціў адмыслова прывезенай з гораду ваксай боты з тонкімі і доўгім халявамі.

Боты пачатку ХХ стагоддзя – здабытак з экспедыцыі, экспанат.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ