Ракуцёўшчына і выбары 1994 года



У ліпені 1994 года падчас першых прэзідэнцкіх выбараў мы былі ў Ракуцёўшчыне. Рыхтавалі экспазіцыю дамка арандатара, дзе ў 1911 годзе па запрашэнні братоў Луцкевічаў гасцяваў Максім Багдановіч. За летнія месяцы ў Ракуцёўшчыне Максім Багдановіч напісаў цыкл вершаў „Старая Беларус”, паэмы „У Вёсцы” і „Вераніка”.

Летам 1994 года ўжо вызваліўся сядзібны дом Лычкоўскіх, для Уладзіміра Грышаля, нашчадка арандатараў, пабудавалі новы дом, ніжэй сядзібы. Наша музейная група была з трох чалавек – дзве навуковыя супрацоўніцы – я і Таццяна Шубіна, мастак Генадзь Чысты.

Мы жылі ў панскім доме – пакой налева ад уваходу. Дом меў цяжкую і змрочную гісторыю, як і большасць такіх дамоў. Заняпад, хваробы і смерць гаспадароў, аб’едзены пацукамі мёртвы твар гаспадыні зімой 1942 года пад акупацыяй, сваячка з ментальнымі праблемамі, якая засталася ў доме адна і пакутліва памерла ў адзіноце, расцягванне вяскоўцамі рэчаў з ясдзібы – па дварах па ўсё вёсцы.

Задача наша палягала ў тым, каб экспазіцый перадаць атмасферу лета 1911 года, калі сядзіба жыла іншым жыццём – госці, гарбата, шпацыр па наваколлі і малады паэт, які прыехаў у госці. У дамку арандатара экспазіцыйнымі сродкамі імкнуліся перадаць атмасферу радасці ад сустрэчы паэта з Радзімай, лёгкасць, натхненне і творчы ўздым.

З Уладзімірам Грашалем, нашчадкам арандатараў, мы кантаквалі часта – удакладнялі дэталі па дому, панадворку, гісторыі сядзібы.

Часам да нас заходзілі іншыя жыхары вёскі. Самая распаўсюджаная гісторыя, якую нам спяшаліся распавесці, – пра тое, як яны памятаюць Багдановіча, які жыў тут і ўсіх баб… меў., бабнік адным словам. Тое, што ў 1911 годзе ні адзін з „відавочцаў” блізка не нарадзіўся – не істотна – такі быў часавы рэлятывізм.

Яшчэ прыходзіў Шурхалаў – дом бліжэй да сцэны і крыніцы, ён выступаў з крытыкай, казаў нам, што мы „як цыгане, жывем тут, бо, відаць, свайго дому не маем”. Пасля ён працаваў вартаўніком музею ў Ракуцёўшчыне.

Пакуль мы жылі думкамі ў 1911 годзе, гісторыя адбывалася ў рэальным часе.

У дзень выбараў людзі, якія ішлі з галасавання заходзілі да нас у былую панскую сядзібу і казалі, што прагадасавалі за Зянона Пазняка. І Шурхалаў прыйшоў і сказаў: „Прагаласаваў за Пазняка!”

А мы не прагаласвалі ў першым туры ні за каго, бо былі ў Ракуцёўшчыне. І другім туры таксама – не.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ