Руіны барочнай Воршы, якія мог бачыць Караткевіч



У сакавіку 2021 года пра руіны помнікаў архітэктуры ў Воршы распытала ў маці – Ірыны Бязручкі.  Успаміны тычацца 40-60-ых гадоў.

Тэма аршанскіх пасляваенных руінаў цікавіць мяне яшчэ з пункту гледжання таго, што мог бачыць Уладзімір Караткевіч у горадзе падчас жыцця ў Воршы.  

Мая мама, Бязручка Ірына, распавяла:

“Неяк, даволі даўно я ехала з жанчынай у Воршу на цягніку. Жанчына была немаладая. І яна сказала мне: “Была калісьці ў Воршы, там столькі цэркваў!” І я здзівілася, а пасля згадала, што сапраўды да вайны гэта быў горад, у якім было шмат цэркваў – былых касцёлаў. І горад мог быць барочным, калі захавалася бы тая архітэктура, якая была ў ім раней. У канцы 40-ых-пачатку 50-ых у Воршы было яшчэ шмат руінаў. Гэта былі, як руіны дастаткова сучасных на той час будынкаў, напрыклад, даваеннага кінатэатра, так і руіны гістарычных збудаванняў. У цэнтры горада яшчэ стаялі рэшткі вялікага Трынітарскага касцёла, да яго далучаўся жылы будынак. Гэта кляштарны будынак, які існуе і цяпер. Дакладна не памятаю, калі зніклі рэшткі касцёла. Гэта быў, напэўна, альбо канец 50-х альбо пачатак 60-ых. Каля Аршыцы стаяла яшчэ даволі добра захаваная царква, вельмі старая і вельмі цікавая па архітэктуры. Царква ў гады майго дзяцінства, па-моему, выкарыстоўвалася, як кузьня. Цяпер на тым самым месцы ці побач пабудаваная новая праваслаўная царква, я не ведаю, ці з’яўляецца яна копіяй той, але такое адчуванне ў мяне, што гэта не дакладны паўтор той гістарычнай цэрквы. Стаяў яшчэ зусім цэлы Францысканскі касцёл 17-га стагоддзя, яшчэ ў 60-ыя гады ён быў. Вельмі старажытны і цікавы будынак. Руіны Базыльянскага храму, даволі добра захаваныя, можна было нават назіраць фрагменты фрэсак. Да яго можна было падыйсці, дзверы зачыненыя, але можна паглядзець у шчыліну. На старых фотаздымках аршанцаў часта можна бачыць гэтыя руіны Базыльянскага храму, бо яны вельмі прыгожа выглядалі на беразе Аршыцы. Нават ва ўнівермагу ў аддзеле фотатавараў вісеў вялікі фотаздымак з гэтым помнікам. Храм разбурылі напрыканцы 60-ых. Пасля вайны вельмі змянілася і царква на могілках, якія на вуліцы Пралетарскай. Калі да вайны гэта была вельмі эфектная барочная драўляная архітэктура, то пасля вайны захавалася толькі частка старой царквы ўжо сціплая, якая таксама знікла напачатку 60-ых гадоў. Гэтая царква была некалі ўніяцкай і  з’яўлялася вельмі каштоўным помнікам архітэктуры. На маёй памяці не было ніводнай з сінагог. Ніякіх слядоў іх ужо не было. Ад Бернардынскіх комплексаў заставалася бальніца імя Сямашкі, але яна ўжо не ўспрымалася, як помнік архітэктуры, успрымалася проста як бальніца. З цягам часу я даведалася, што ёсць Езуіцкі комплекс, і яго наяўнасць адбівалася ў планіроўцы вуліц, кляштарныя будынкі езуітаў існавалі як турма, таму таксама не ўспрымаліся як помнік архітэктуры. Калі ўявіць Воршу, у цэнтры якой стаіць Езуіцкі калегіўм, Трынітарскі касцёл і кляштарныя будынкі, Бернардынскі касцёл і кляштарныя будынкі, а далей Францысканскі і захаваны да нашых дзён Дамініканскі, то атрымліваецца эфектны барочны цэнтр старой Воршы”.

Руіны барочнай Воршы мог бачыць і Уладзімір Караткевіч?

“Канечне, ён бачыў. Рэшткі Трынітарскага касцёла. Яго нельга было не бачыць, ён быў у самым цэнтры горада. І кожны дзень Караткевіч каля яго хадзіў, асабліва калі працаваў у Задняпроўі ў восьмай школе, ён ніяк не мог перайсці Дняпро, не прайшоўшы каля гэтага будынка. Аршанцы ведалі, што там было, і на старых фотаздымках Воршы ён добра бачны, але ў якасці праваслаўнага Сабора.

Як руіны ўспрымаліся?

“Руіны былі розныя. Я ўжо гаварыла пра руіны кінатэатра, яны даволі доўга былі там, дзе цяпер стаіць кінатэатр “Перамога”. У цэнтры горада я памятаю паўрабураныя будынкі. Было шмат пусташэй, дзе цяпер плошча, універмаг. Бераг ракі, дзе выгарэла забудова”. Помнікі не ўспрымаліся, як гістарычная і культурная каштоўнасць, а да вайны, у 20-ыя гады, гісторыкі і краязнаўцы ведалі”.           

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ