Самазабойства партакрата



Гомельская гісторыя. Гэта было даўно, у 50-ыя гады. Гісторыя распаведзеная чалавекам, бацька якога быў тады ў партыйным кіраўніцтве Гомельскай вобласці.

Адзін з сакратароў гаркама партыі ў выніку ўнутрыпартыйных гульняў быў паніжаны да больш дробнай пасады.

А да гэтага падчас дэманстрацый на пралетарскіх святах – 7 лістапада і 1 траўня ён стаяў на трыбуне на плошчы і вітаў разам з іншым начальствам працоўныя масы, якія праходзілі міма трыбуны.

Пасля таго, як панізілі, яго не запрасілі стаяць на трыбуне. І давялося падчас дэманстрацыі прайсці ў калоне разам працоўнымі масамі.

Пасля дэманстрацыі ён прыйшоў дадому і застрэліўся.

Ён не застрэліўся тады, калі яго панізілі. А толькі пасля таго, як прайшоў ў калоне міма трыбуны. Перамена ролі зрабілася шокам. Адчуваў сябе наверсе, а раптам апынуўся там, дзе тыя, кім кіраваў.

А былыя калегі-і-кіраўнікі па-ранейшаму на трыбуне. А ён у іншым месцы, скінуты з п’едэсталу. Відавочнасць: вось ён стаяў і яго віталі, а вось ён ідзе ў калоне і сам махае рукой.

Ён не эліта, ён – маса. Усё – канец жыцця.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ