Слова “Незалежнасць”, ясна, напалохала
Калі было страшней выступаць супраць несправядлівай палітыкі дзяржавы? Цяпер ці напрыканцы 80-ых? Маладыя беларускія адраджэнцы пачалі шлях да Незалежнасці Беларусі… але ці ўсведамлялі яны, куды распачалі рух? Рызыкі былі вялікі. З СССР уцякаць не было куды – наперадзе толькі “жалезны занавес, а далей Берлiнскi мур”.
У лютым 2009 года я запісвала успаміны лідара “Талакі” Сержука Вітушкі. Больш за тыдзень мы разбіралі асабісты архіў Сержука Вітушкі і гутарылі.
Ці ставіліся палітычныя мэты перад сабой маладыя людзі ў сярэдзіне 80-ых, што думалі пра Незалежнасць Беларусі, якая тады здавалася якая тады здавалася фантастычнай, а словы і думкі пра яе – забароненыя.
Ці былі палітычныя мэты? Сяржук Вітушка сказаў:
“Да пэўнага моманту пра гэта не гаварылася. Найперш – гісторыя. Размоваў пра палітыку, Незалежнасць не было. Самі ўлады пісалі артыкульчыкі пра нас, што вось буржуазныя нацыяналісты нечага захацелі. А потым у нас было знаёмства з лёсамі рэпрэсаваных людзей і нейкае шкадаванне, і нейкая пэўная злосць, што былі пазабіваныя такія людзі. Але, калі ўпершыню прагучала слова “Незалежнасць”, яно, ясна, напалохала. Мне ўжо цяжка ўзнавіць дакладна дату. Пра палітыку я не думаў.
Я адкрыў для сябе Беларусь, я адкрыў для сябе мову, я адкрыў песьні. І гэтага дастаткова. (,,,) То быў такі беларускі лад жыцця – ад сьвята да свята, ад імпрэзы да імпрэзы.
Ці баяліся мы рэпрэсіяў? Бачыш, у мяне было такое адчуваньне: “Я ж нічога кепскага не раблю!” Унутры сябе я не адчуваў, што нешта кепскае раблю, ці нейкі закон парушыў. Я глядзеў на ўсіх чыноўнікаў ці міліцыянтаў анёльскімі вачыма. І я думаю, гэта іх страшна бянтэжыла.
Якім я бачыў будучыню Беларусі?
Вяртаньне, аднаўленне ўсяго, што забралі ў нас: разбураныя занядбаныя замкі, цэрквы, касьцёлы, будынкі – гэта ўсё трэба прыгожанька аднавіць. Музеі трэба пабудаваць, кнігі трэба напісаць. Тады страшэнна радаваліся любой беларускай кнізе
. Што яшчэ? Па-беларуску трэба гаварыць паўсюль. І сваім жыццём мы правакавалі, каб людзі задумаліся: а чаму я не гавару па-беларуску”.