Табу



Табу.

Забароненыя тэмы для размоваў.

Тое, што не называецца, пра што не гаворыцца і не згадваецца.

Не абмяркоўваецца.

Чаму?

Для чаго, каб абараніць псіхіку, ці рэальнае жыццё. 

Тое, пра што не сказана, таго як бы і няма.

Я пісала пра табу, і кожны зразумеў, як шчасце паводле  Аркадзя Гайдара – „па своему” – „Что такое счастье – это каждый понимал по своему” – цытата  з апавядання „Чук и Гек”( 1939 год).

Калі пісала пра табу, я думала пра сямейныя гісторыі, якія не абмяркоўваюцца.

Я думала пра адну з іх датычную рэпрэсій і нашай сям’і. 

Думала пра стрыечную сястру маёй мамы (значна старэйшую), якую пасадзілі па палітычным артыкуле.

У зняволенні яна нарадзіла сына – ад доктара, які быў таксама – зняволеным.

Да трох гадоў сын быў у лагеры з маці.

Пасля трэба было – альбо ў дзіцячы дом, альбо сваякам. Яе бацька паехаў туды – далёка і забраў яго ў Гомель.

У Гомелі яму казалі так- „будзеш добра сябе паводзіць, прыедзе мама”.

А дзе табу?

У гэтай гісторыі – усё табу. 

Мне не дазвалялі пытацца – ці памятае ён што-небудзь пра лагер, дзе жыў да трох гадоў.

А зімой я спытала.

Ён сказаў, што не памятае – а памятае ўжо Гомель, як ляжаў на дубовай шафе і глядзеў у вакно – чакаў, калі мама на вуліцы з’явіцца.

Яе не адпусцілі, не амніставалі нават пасля смерці Сталіна – яна адбыла поўны тэрмін – 10 гадоў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ