Танкі ў Воршы
14 верасня Павал Севярынец абвясціў пра начное назіранне: ці пойдуць няўлічаныя расейскія танкі на Беларусь і паехаў цягніком у Воршу. І за ім пачалі з’язжацца астатнія з усёй краіны, ну, і з Воршы, хто хоча.
Расейскае міністэрства абароны абвесціла, што ў Беларусь накіроўваецца чарговая партыя танкаў для ўдзелу ў вучэннях „Захад-2017”. А беларускае Міністэрства абароны абвергла гэтую інфармацыю.
Павал Севярынец гаворыць, што калі на тэрыторыю Беларусі трапяць танкі, пра якія не ведае беларускае Міністэрства абароны, то гэта не вучэнні, а акупацыя.
14 верасня я пагаварыла з добрым сябрам, Ігарам Казмерчаком, які жыве ў раёне Заходняя (па назве станцыі Ворша-Заходняя), дзе разгружалі танкі.
І вось, што ён сказаў:
А ў мяне на Заходняй не паспелі ўсю тэхніку звезці – адзін эшалон пакінулі на нач.
Дык ёсць тут танкі ці няма?
Танкі, я думаю, ужо ўсе перавезлі раней. На Заходняй стаяць грузавікі і, здаецца, бензавозы. Але цэлы дзень іх грузілі і не паспелі. Мне адзін жаўнер расейскі сказаў, што павінна быць 4 эшалоны, але, здаецца, іх больш сёння праз Заходнюю прагналі. Калі не паспелі ўсё звезці. А жаўнеры расейскія, нават, у краму тут на Заходняй хадзілі – хоць нейкая карысць).
А якая карысць?
Бабла для ОРСа пакінулі крышачку).
А танкі?
Танкаў там не было – толькі бензавозы і крытыя грузавікі, якія, бачна, сваім ходам дабраліся да Воршы, бо былі брудныя. А тут іх ужо грузілі.