Традыцыя таемных пахаванняў



Жорсткая традыцыя караць не толькі чалавека, але і яго парэшткі ідзе са старажытных часоў. Варта прыгадаць гераіню трагедыі Сафокла, Антыгону, якой не дазвалялі пахаваць брата,  якога яна ўрэшце пахавала коштам уласнага жыцця.

У Расейскай імперыі целы пакараных смерцю не выдаваліся для пахавання, бо ўлады баяліся, што магілы пакараных смерцю «палітычных злачынцаў», стануць месцам ўшанаваня памяці. У Расейскай імперыі, дзе парушаліся сацыяльныя і нацыянальныя правы вялікай колькасці групаў  насельніцтва смяротнае пакаранне было тым інструментам, які стрымліваў супраціў.   

Захавалася традыцыя таемных пахаванняў і падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Расстрэльвалі так званых «ворагаў народа» ноччу пры святле фараў. Так было і ў менскіх Курапатах, дзе расстраляныя ад 102 да 250 тысячаў чалавек.  І раскопкі ў 1992 годзе паказалі, што частка ямаў мае сляды таго, што кАты спрабавалі знішчаць сляды злачынстваў. 

Пасля 20 з’езду партыі, які асудзіў сталінскія рэпрэсіі, такія «расстрэльныя» лясы часта ахоўвалі былыя супрацоўнікі карных органаў, удзельнікі расстрэльных камандаў, якія ўладкоўваліся працаваць палясоўшчыкамі альбо вартаўнікамі. Іх мэтай было назіраць за расстрэльнымі ямамі, ахоўваць тэрыторыю ад занадта цікаўных,  каб ніхто не раскапаў іх, напрыклад, падчас дзіцячых вайскова-спартовых гульняў «Зарніца» альбо суботнікаў. Гэтая практыка выкарыстоўвалася не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэспубліках. Так было і ў  Літве, пра што актывістам кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» паведаміў Эўгеніюс Пейкшцяніс, дырэктар Музею генацыду жыхараў Літвы, (гэты музей часта памылкова называюць Музеем КДБ). Гэтак было і ў Воршы на Кабыляцкай гары, дзе палясоўшчыкам працаваў былы кат Сідарэнка, які падчас рэпрэсій сам здзяйсняў расстрэлы. А пасля звальнення з органаў ахоўваў ямы.  А калі выпіўваў – паказваў сябрам ды знаёмым, дзе і як каго расстрэльвалі. З падрабязнасцямі пра жалезную качаргу, з дапамогай якой бязвінных ахвяр выцягвалі з „чорнага крумкача” на расстрэл.  Пасля спынення масавых рэпрэсій, адна з расстрэльных ямаў нават апынулася пад танцпляцоўкай Дому адпачынку. Пра гэтыя аповеды аршанскага кАта вядома з даследванняў Юрася Копціка, якія ён зрабіў на падставе апытанняў сведкаў падзеяў.                   

І цяпер у сучаснай Беларусі месцы пахавання пакараных смерцю застаюцца таямніцай, якую ахоўвае частка 5 артыкулу 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, у якім гаворыцца, што „цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца”.

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ