Трэнажор на месцы шыбеніцы
Летам 1998 года мы паехалі ў Варшаву на Школу па правах чалавека пры Хельсінкскай фундацыі.
Для мяне – першая паездка такога кшталту.
У групе – актывісты з Менску і рэгіёнаў, журналісты, а таксама – адвакаты, якія на той час не забаяліся і папрацавалі абаронцамі ў палітычных судовых працэсах.
Для агульнай групы былі лекцыі, у тым ліку, легендарнага Марэка Навіцкага.
Слухалі пра падыходы, заснаваныя на правах чалавека.
А для адвакатаў паралельна з лекцыямі быў арганізаваны візіт у турму на Ракавецкай.
На экскурсію ў польскую турму павінны былі ісці толькі прафесійныя юрысты.
А ўсім жа так хацелася схадзіць, паглядзець, „як там зэкі ў Варшаве сядзяць”.
І наогул зазірнуць за турэмны мур.
І мне хацелася, але арганізатары былі няўмольныя.
І тут здарыўся цуд: адвакатка Тацяна Вардомская прапанавала мне сваё месца.
Тацяна сказала, што „СіЗА ёй і ў Менску хапае з усімі яго водарамі”.
У турме на Ракавецкай я пабачыла месца, дзе выконваліся да 1988 года смяротныя прысуды.
Вешалі і расстрэльвалі.
Быў 1998 год – так што прайшло ўсяго 10 гадоў ад апошняга прысуду.
Нас завялі ў сталовую – пах ежы, грукат посуду – шмат людзей сядзелі за сталамі і елі, глядзелі на нас – беларускіх экскурсантаў.
У сталовай (гэта ў 1998 годзе яна была сталовай, а раней, відаць, нечым іншым) злева быў маленькі катушок.
Нам патлумачылі, што пасля смяротнага пакарання туды заносілі цела павешанага.
Турэмны доктар аглядаў яго і канстатаваў смерць, там жа цела і пераапраналі для пахавання.
Я ўсунулася ў гэты закуток – без вокнаў – і зрабілася не па сабе, як і ва ўсіх месцах, дзе адчуваецца подых смерці.
Пасля мы прайшлі ў спартовую залу – тое месца, дзе раней выконваліся смяротныя прысуды – праз павешанне і расстрэл -для вайсковых злачынцаў.
Адразу налева ад увахода стаяў трэнажор.
„Тут была шыбеніца”, – сказаў наш гід і паказаў на металёвы ліст пад трэнажорам.
Гэтым лістом быў завараны люк, які адчыняўся пры павешанні – канструкцыя, якая вельмі падрабязна паказаная ў фільме Кшыштафа Кеслёўскага „Кароткая гісторыя пра забойства”.