Ці маглі ў 90-ыя адмяніць смяротную кару?



Вядома, што міністр унутраных спраў генерал Юрый Захаранка планаваў змены адносна смяротнага пакарання.

Упершыню пра гэта ён распавёў у Алесю Дашчынскаму карэспандэнту газеты “Навіны” 17 лютага 1998 года. Былы міністр унутраных спраў катэгарычна выказаўся супраць смяротнага пакарання:

– Некаторыя суседнія краіны пасля распаду Савецкага Саюза аказаліся не гатовымі да выканання смяротных прысудаў. Яны спрабавалі нават заключыць дамову, каб іх смертнікаў расстрэльвалі ў нашай краіне за пэўную плату. Я катэгарычна адмовіўся ад такой здзелкі і пачаў рыхтаваць прапанову прэзідэнту аб пераглядзе самой працэдуры выканання смяротных прысудаў. Менавіта ў гэты час я пайшоў у адстаўку і нічога не паспеў зрабіць.

   Далей генерал Юры Захаранка гаворыць пра неабходнасць адмены смяротнага пакарання:

         Я ўпэўнены, што нам неабходна ліквідаваць інстытут пазбаўлення чалавека жыцця. Смяротная кара не ў стане спыніць злачыннасць. Заходнія псіхіятры-крыміналісты, якія вывучалі гэтае пытанне, прыйшлі да высновы, што ніводзін з асуджаных перад забойствам не думаў пра магчымасць расплаты смяротнай карай. Пасля адмены вышэйшай меры ў краіне не расце колькасць цяжкіх злачынстваў. Здавалася б, танней расстраляць чалавека ды закапаць. Але такім чынам грамадства закопвае сябе. Нам неабходна павярнуцца да гуманізму і чалавечнасці.

         Ці мог Юрый Захаранка адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі? Магчыма і мог бы, каб застаўся на пасадзе міністра ўнутраных справаў, але генерал Захаранка быў звольнены і неўзабаве стаў ахвярай пазасудовай расправы.

         Смяротнае пакаранне, якое захоўваецца ў Беларусі, можа быць выкарыстана не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў. Злачынствы камунізму не былі асуджаны ў Беларусі, і сучасная ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемніцай той улады, якая здзяйсняла масавыя расстрэлы нязгодных.

Смяротная кара – інструмент для падтрымання ў грамадстве страху.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ