«Лыбидь» – цягнік Пецярбург-Кіеў
Цягніком Санкт-Пецярбург – Кіеў езджу з 2013 года.
Цягнік называецца па-украінску«Лыбидь» – Лебядзь, паводле легенды «Лыбидь» – сястра трох братоў-заснавальнікаў Кіева: Кія, Шчэка ды Хорыва.
Размовы ў цягніку «Лыбидь» – асобная тэма.
Падчас Майдану цягнік нагадваў вулей, пасажыры спрачаліся паміж сабой, гаварылі гучна і шмат.
З 2014 года, калі пачалася вайна, размовы ў цягніку сціхлі.
Шэпт і маўчанне. Ніхто не ведае, з кім едзе побач ў цягніку.
Верасень 2018 года.
Цягнік зноў поўніцца гулам.
У верасні 2018 года са мною ў купе ехалі тры чалавекі.
Усе тры – з Пецярбургу. Святар праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату з украінскім грамадзянствам. Інжэнер – адмысловец па маразільным абсталяванні, які ехаў у Дняпро, каб усталяваць помнік на магіле сваёй маці. І яшчэ яшчэ малады хлопец – у госці да сваякоў у Кіеў.
Традыцыйны пачатак размовы – чысціня ў Беларусі.
Пачынае адмысловец па маразільным абсталяванні:
- Ці заўважылі вы, якія чыстыя лясы ўздоўж чыгункі?!
- Вось, што значыць, калі ёсць адзін Гаспадар, вось што значыць цвёрдая рука, – адазваўся поп.
- А гэта ўсё ад таго, што Лукашэнка дазволіў людзям браць сухастой бясплатна сабе на распал печак. Таму людзі самі выходзяць у лес і цягнуць сухастой сабе на панадворкі. бясплатна. Добры гаспадар.
- Так, так гаспадараская рука. Так раней па ўсёй Русі быў Цар – памазанік Божы.
І ў гэты момант (не жартую і не выдумляю) з верхняй паліцы, дзе едзе піцерскі хлопчык, мне на галаву звалілася папяровая кніга – Джордж Оруэл „1984”.