Турэмная літаратура



Напрыканцы 80-ых Алесь Бяляцкі (тады асьпірант Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР) даследваў творчасьць пісьменьнікаў, якія былі рэпрэсаваныя і зьняволеныя, дасьледаваў творчасьць Францішка Аляхновіча, пісьменьніка, які першым распавёў усяму сьвету праўду пра савецкія канцлагеры ў дакументальнай аповесьці «У капцюрох ГПУ» (1934).
 
У прадмове да перавыданьня кнігі Аляхновіча «У капцюрох ГПУ» Алесь Бяляцкі напісаў:
 
«Цяжка назваць каго-небудзь зь беларускай інтэлігенцыі першай паловы ХХ стагодзьдзя, хто не паспытаў бы турэмнай баланды. Частка беларускай літаратуры створаная ў турмах» (Францішак Аляхновіч. У капцюрох ГПУ. Мн., 1994. С. 6).
 
Алесь Бяляцуі  і сам ведаў, што можа трапіць за краты, усьведамляў гэта яшчэ з 1983 года, калі пачаў прымаць удзел у дзейнасьці моладзевых суполак, якія ставілі сабе за мэту Незалежнасьць Беларусі.
 
Літаратуразнаўства і грамадская дзейнасьць у Алеся Бяляцкага непарыўна зьвязаныя і разам складаюць сэнс яго жыцьця.
 
Пачалося ўсё яшчэ ў Гомельскім універсітэце, дзе Алесь вучыўся. Мая мама, Ірына Бязручка, у той час выкладчыца Гомельскага ўніверсітэта, згадвае:
 
«Я добра памятаю Алеся ў 80-я гады ў калідорах гісторыка-філалагічнага факультэта — юнацкая рамантычная постаць. Ён уразіў мяне сваёй прыгожай беларускай мовай, надзвычайнымі ведамі беларускай гісторыі і літаратуры. Памятаю яго і зь вершамі Алеся Разанава, якія ён любіў і папулярызаваў». 
 
І цяпер з-за кратаў Алесь Бяляцкі піша ўспаміны пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў 1989-1998 гадах.
Беларускае Радыё РАЦЫЯ