Успамін пра Якава Гутмана



Даведалася, што памёр Якаў Гутман – Кіраўнік Сусветнай згуртавання беларускіх габрэяў, з якім разам былі затрыманыя 25 сакавіка 2000 года.

25 сакавіка 2000 года нас з сябрам затрымалі на Плошчы Якуба Коласа каля ўніверсама Сталічны. Затрымалі можна сказаць самымі апошнімі, калі зачыстка скончылася.

Я толькі што прыехала са Швецыі, на акцыі мы дамовіліся сустрэцца з сяброўкай Аленай, а пасля ехаць да яе ў госці. З сабой у мяне былі падарункі. На акцыі мы не сустрэліся.

На вуліцах былі вайсковыя БТР-ы. Ратвейлеры. Людзей масава хапалі і валаклі. А мы хадзілі, як зачараваныя, сярод усяго гэтага, магчыма, таму, што збіраліся ў госці і апрануліся па-святочнаму.

Але прыхапілі. Каля нас два амапаўцы цягнулі чалавека – пасля мы пазнаёміліся – гэта быў навуковец – геолаг. АМАПаўцы цягнулі высокага чалавека ў акулярах па асфальце, мой спадарожнік сказаў: „У, шакалы”. Адзін амапавец развярнуўся і прыхапіў, я пабегла да аўтазака (яшчэ з высокай прыступкай) – там закінулі і мяне.

Атрымалася 11 чалавек, супрацоўнікі міліцыі і сабака. Быў адзін чалавек, жонка, якога гандлявала бананамі, паслала яго размяняць грошы, а яго забралі. Яна пабегла за ім, яе таксама забралі.

Мы не маглі зразумець, куды нас вязуць – не Акрэсціна, ні РАУС ніякі, ні Валадарка. Адзін чалаевк з затрыманых у аўтазаку драў на кавалкі ўлёткі і прасіў, каб яму дапамагалі. Ніхто не дапамагаў.

Прывезлі нас у вайсковую частку на Маякоўскага, дзе ўжо быў цалкам забіты людзьмі ангар. Нас выгрузілі каля сцяны ангару, дзе ўжо стаялі людзі, у асноўным журналісты, сярод іх чэшскія і польскія.

Нам сказалі стаць – рукі на сцену, ногі на шырыні плеч. Была там і Таня Снітко (Ждановіч). Тут я выпендрылася – сказала, што не буду так стаяць, як загадана, нават тут жа закурыла цыгарэту. Стала тварам да салдат унутраных войскаў. Нічога мне за гэта не было.

Пасля мы доўга стаялі, пасля прыехаў прэ-сакратар МУС і вызваліў журналістаў. Я не пайшла. З ангару сталі выводзіць людзей, браць у іх адбіткі пальцаў і шыхтаваць у калону, як фільмах пра палонных.

А пасля заехаў чарговы аўтазак з Любай Лунёвай у белым паліто, ёй нешта крычалі затрыманыя і яна адказвала. Салдаты, якія стаялі ў ачапленні, былі ўжо стомленыя ў тым ліку і ад аднастайнасці – яны пачалі глядзець на Любу. 

У гэты момант мы (4 чалавекі) выскачылі з ачаплення каля ангара і далучыліся да той калоны. Нас пагналі да брамы. Так мы пакінулі тэрыторыю вайсковай часткі. Сярод тых, хто збег быў і Якаў Гутман – Кіраўнік Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў. А 16 ліпеня 2020 год я даведалася, што ён памёр.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ