„Ужо засохлі”, – чула я з-за дзвярэй



Прызнаемся, што не ва ўсіх хапае моцы на змаганне за свае правы  і за права на карыстанне роднай мовай, за беларускамоўную дакументацыю.

Вось мне аддалі новы пашпарт з рускамоўнымі пячаткамі, я спытала, дзе беларускія?

Мне сказалі, што няма, што адмянілі, я уздыхнула і пайшла.

Але ёсць людзі з цвёрдай воляй і характарам.   

Святлана Радкевіч (Sviata Hutaranka) размясціла пост у фб пад назвай “Пашпарт – гэта асноўны дакумент Грамадзяніна Краіны! Будзьце пільнымі пры абмене дакументаў!”.

Святлана Радкевіч піша: “20.02.2020 я прыехала на Лідскую-10 ў Аддзел па грамадзянству і міграцыі, каб атрымаць свой новы пашпарт –  асноўны дакумент Грамадзяніна Краіны. Стары тут жа забралі, бо ён падлягае знішчэньню. Адкрываю новенькую цёмна-сіненькую вокладку і бачу там рускамоўныя штампы аб „заключении брака” і двое непаўналетніх дзяцей, запісаныя па-руску з памылкамі. Звярнулася да супрацоўніц з пытаннем. А тры маладыя дзяўчыны пачынаюць мне даказваць, што ў нас дзяржаўныя мовы, што мова руская дзяржаўная, што беларускіх штампаў ужо 10 год не існуе, і па-хамскі мяне выправожваюць за дзверы. Я спытала: дзе знаходзіцца кабінет начальніка? Паднялася на трэці паверх: і начальніца, і намеснік спачатку таксама не ўспрынялі мяне ўсур’ёз, калі ж я сказала, што паеду ў Адміністрацыю і вышэйстаячыя інстанцыі, сталі тэлефанаваць супрацоўніцам, каб тыя тэрмінова знайшлі беларускамоўныя штампы і выправілі мае адзнакі. Была прапанова зноў выдаць новы пашпарт замест гэтага новага, без правак, але я павінна зноў аплаціць паслугу, ужо па новаму тарыфу – 27.00 бел.руб. Паўгадзіны я чакала ля кабінетаў, дзе пачаўся перапалох. Супрацоўніцы дзяржаўнай установы бегалі з кабінета ў кабінет, выцягвалі з шафаў некія карабкі, нарэшце знайшлі! „Ужо засохлі”, – чула я з-за дзвярэй незадаволеныя галасы. Рускамоўныя штампы былі ануляваныя,  і побач у маім пашпарце з’явіліся „уже 10 лет не существующие” беларускамоўныя штампы з запісамі шлюбу і імёнаў дзяцей па-беларуску! Я не палянавалася і ў той жа дзень з’ездзiла ў Адміністрацыю Фрунзенскага р-ну, каб высьветліць, хто вышэйстаячая інстанцыя. Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі. З Адміністрацыі па маім звароце патэлефанавалі туды, і высокае начальства адказала, што: „Не мелі права адмовіць!” Але буду пісаць і пісьмовую заяву ў Дэпартамент, каб ведалі, што інтэграцыя не пройдзе!”

А між тым пашпарты з рускімі штампамі – першы крок у бок расейскіх пашпартоў. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ