Вільня 1991: у бібліятэку праз барыкады



У 1990 годзе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча была такая ідэя – на першым паверсе зрабіць экспазіцыю, прысвечаную паэтам “багдановічаўскай школы”: Уладзімір Жылка, Наталля Арсеннева, Уладзімір Дубоўка, Алесь Смаленец і паэты, якія стаяць бліжэй да “нашага часу”, які цяпер ўжо таксама стаў мінулым.

Напрыканцы студзеня 1991 года для пошуку ідэі ды тэкстаў для экспазіцыі першага паверху мы з Аленай Кісялевіч паехалі ў Вільню працаваць у бібліятэцы Акадэмііі навук (цяпер – Бібліятэка Акадэмііі навук Літвы імя Урублеўскіх (Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka).

Жылі ў гатэлі на праспекце Гедыміна. Гатэль быў вельмі дзіўны – будынак пачатку 20-га стагоддзя ці канца 19-га перарабілі пад савецкі гатэль.

Парэзалі прастору  – атрымаліся дэпрэсіўна-панурыя нумары, як вузкія “пеналы” з высокай столлю і рэшткамі ляпніны.

У ляпініне ўгадваліся фргаменты раслін і анёлаў.

Цяпер ніяк не магу знайсці той будынак: то мне здаецца тут, то там. Усё змянілася. 

Але, здаецца, гатэль быў далей за парламент, бо ў бібліятэку мы ішлі праз барыкады. А можа быць і падманлівая памяць і быў наш гат
ль бліжэй да Катэдральнай плошчы, а да парламенту мы хадзілі асобна – глядзець.

Толькі што адбыліся студзеньскія падзеі ў Вільні.

Праспект быў перагароджаны бетоннымі блокамі накшталт барыкадаў.

Друзлы снег.

Пахмурна.

Каля парламенту стаяў слуп з набітымі на яго партбілетамі і камсамольскімі білетамі. А справа, бліжэй да бібліятэкі стаяў кіёск , там я купіла першыя імпартныя цыгарэты “West” –  да гэтага з імпартных даводзілася курыць толькі балгарскія БТ.

У бібліятэцы працавалі ў зале, з вакна якой добра была бачна вежа Гедыміна.

У шэры працоўны сшытак я занатоўвала чырвоным стрыжнем вершы Наталлі Арсенневай пра Вільню і фрагменты перапіскі Уладзіміра Жылкі з Антонам Луцкевічам.

“Прабую напісаць аповесць з віленскага жыцця, – пісаў Уладзімір Жылка, – дзе між іншым развіваю думкі “Вершаў аб Вільні”.

Неяк ў прыцемках я пайшла па горадзе адна. Людзей было зусім мала на вуліцах. Дайшла да касцёла святой Тэрэзы, а там ўнізе ў капліцы былі расчыненыя дзверы і і гарэла святло. Я зазірнула туды, тым стаяла труна.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ