Ворша ў лістах Уладзіміра Караткевіча



19-ы том Збору твораў Уладзіміра Караткевіча, эпісталярый, вельмі цікавы.

Лісты сабраныя з дзяцінства. А некаторыя (лісты да аднакурсніка Фларыяна Няўважнага) тычацца апошняга году жыцця, блізкай смерці, пра якую аўтар не здагадваецца, а яна ўжо на парозе.

У лістах канца 40-ых- 50-ых гадоў Уладзімір Караткевіч шмат піша пра Воршу, пра дом, дзе жыве з бацькамі, сястрой і пляменніцай. У той час па вуліцы Варашылава 10 (пасля Касманаўтаў 10, а цяпер Караткевіча – 10).

У юнацкіх лістах шмат побытавых падрабязнасцяў.

У лісце за 1948 года цёткі Жэні ў Кіеў, піша пра тое, што разводзіць трусоў – што іх 17 плюс 7 нованароджаных.

 У лісце, напісаным летам 1951 года да цёткі Жэні ў Кіеў, Уладзімір Караткевіч высылае падрабязны план дома, з пазнакай, дзе што стаіць. Піша, што дом “поўны ўсякай жыўнасці”, пра катА Пушка, які любіць сядзець у яго на на каленях і сабаку Тобса. На плане дома і кот і сабака таксама намаляваныя. А пуня ў двары, дзе была напісана першая версія “Дзікага палявання караля Стаха” пазначаная ўказальнай стрэлкай “сіе мая летняя рэзідэнцыя”.

У 1959 годзе Уладзімір Караткевіч піша цётцы Жэні, што наўрад ці атрымаецца прыехаць у Кіеў, бо ў жніўні мусіць займацца домам – фарбаваць яго звонку, а таксама фарбаваць падлогу, вокны і дзверы.

Піша пра тое, як старэйшая сястра з мужам прывезлі новыя шпалеры, як ён сам абдзірае старыя і клеіць цэлы дзень новыя.

Піша пра працу на гародзе, пра мокрыя барозны. Пра сад зімою ў шэрані, пра летні дождж.

Жыццё аршанскага дома ў колерах, водарах і адчуваннях паўстае ў лістах.

Фларыяну Няўважнаму аднакурсніку, з якім вучыўся ў Кіеўскім універсітэце, Караткевіч піша, як квітнеюць вішні ў садзе каля аршанскага дома, і ўсё навокал белае, быццам сад засыпаны снегам.

У лісце ад 30 студзеня 1957 года Уладзімір Караткевіч піша Фларыяну Няўважнаму пра аршанскі лад жыцця, які ўключае з сябе: выпіць мускату, гуляць па горадзе і лавіць на сабе жаночыя погляды з-пад капялюшыкаў, дыхаць на поўныя грудзі, выйсці на стромкі бераг Дняпра, вярнуцца дамоў, смачна паесці, чытаць Чапека, Мапасана ці дэтэктыў, лежачы ў ложку.

22 красавіка 1958 года ў лісце да Фларыяна Няўважнага піша Уладзімір Караткевіч і пра рэдкую для Воршы паводку, калі Дняпро выйшаў з берагоў і затапіў горад.

Паводле Уладзімір Караткевіча, Ворша ў красавіку 1958 года нагадвае Венецыю – людзі плаваюць па вуліцах на чаўнах, самЫ залазяць у коміны, а свінні выглядаюць з гарышчаў.

А ў лісце да аршанскага сябра Леаніда Крыгмана Уладзімір Караткевіч піша, што, каб перанесці Дняпро ў Менск, то лепшага за Менск горада не было бы на Зямлі.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ