„Выступленні яму пісаў нейкі маскоўскі літаратар, п’янчужка”
Чытаю ўспаміны Арсеня Ліса, выдадзеныя „Кнігазборам” у 2014 годзе. Кнігу набыла толькі цяпер, калі была ў Мазыры на Савецкай, у „Белкнізе” за два з паловай рублі.
Кніга цікавая з рознымі падрабязнасцямі.
Арсень Ліс піша пра тое, як наведваў Максіма Танка ў лечкамісіі за тыдзень да смерці і яны паўтары гадзіны гаварылі на розныя тэмы, сярод якіх незразумелыя смерці і заказныя палітычныя забойствы:
„Пра Янку Купалу… Быў з ім апошнія дзесяць дзён разам: спачатку на кватэры ў мастака Елісеева, а затым ў гасцініцы „Масква”. Купала не выглядаў асуджаным, рыхтаваўся да юбілею. Выступленні яму пісаў нейкі маскоўскі літаратар, п’янчужка. Пазней ён выляцеў з акна, забіўся… (…) Пачаў расказваць, як ледзе не стаў міжвольным сведкам трагічнай гібелі знакамітага акцёра Саламона Міхоэлса. Выйшаў на прагулку (жыў тады недалёка ад цяперашняга стадыёна „Дынама”), стаяла машына з прычыненымі дзверцамі. Калі наблізіўся, загадалі грозна; „Прахадзіце!….” У той час знайшлі там, нібы пасля наезду машынай целы Міхоэлса і яго спадарожніка тэатразнаўца Голубева”.
Тэкст успамінаў напісаны Арсенем Лісам ў 1997 годзе, праз два гады пасля смерці Максіма Танка.