Як зачынялі газету “Свабода”



Летам 1994 года галоўны рэдактар газеты “Свабода” Ігар Гермянчук у рэдакцыі распавёў гісторыю, якая адбылася тымі днямі. Лукашэнка толькі стаў прэзідэнтам і зайшоў  у дэпутацкую сталовую, дзе сустрэў Ігара Гермянчука, які звярнуўся да Лукашэнкі:

  • Што, Саша, закрыеш газету?
  • Плохо о мне думаешь, – адказаў Лукашэнка.

У лістападзе 1998 года я запісала для выдання Правабарончага цэнтру “Вясна” “Права на Волю” інтэрв’ю з Ігарам Гермянчуком, дзе ён распавёў пра стаўленне ўлады да свабоды слова. Вось фрагмент таго запісу. Ігар Гермянчук гаварыў: “У нас заўсёды былі няпростыя адносіны з уладай. Пры камуністах гэта было паўпадпольнае выданне. А з прыходам да ўлады Лукашэнкі газету стала рабіць нават цяжэй, чым пры камуністах. Лукашэнка пачаў з таго, што паспрабаваў нас задушыць эканамічна. Былі спецыяльна сфармаваныя брыгады падатковых інспектараў, якія прыйшлі ў рэдакцыі незалежных газетаў, у тым ліку і ў нашую, з мэтай выявіць падаткавыя парушэнні. Ніякіх падаткавых парушэнняў яны выявіць не змаглі. Тады яны знайшлі такое, на іх думку парушэнне, што мы частку газетаў распаўсюджваем бясплатна ў рэкламных мэтах. Яны абвінавацілі нас у тым, што мы гэтыя газеты прадалі, а выручку не апрыходвалі. За гэта на нас наклалі вялізарны штраф. Аднак у выніку гэтых акцый падатковых інспектараў ім не ўдалося спыніць выпуск газеты. Тады ўлады пачалі дзейнічаць боьш жорсткім чынам. У 1997 годзе пачалі арыштоўваць журналістаў падчас асвятлення імі акцыяў апазіцыі. У 1997 годзе праходзіла маладзёжная маніфестацыя, недазволеная ўладамі. Натуральна, моладзь пайшла на маніфестацыю. Натуральна, я паслаў на гэтую акцыю аднаго з карэспандэнтаў. Потым мы атрымалі па сотавай сувязі паведамленне, што ён арыштаваны міліцыяй. Тады я накіраваў на месца падзеяў яшчэ двух журналістаў, і іх таксама арыштавалі на падыходзе да месца акцыі. У адзін вечар былі схопленыя тры нашыя журналісты. А ўсяго ў гэты вечар было арыштавана каля 20 журналістаў. Іх, безумоўна, выпусцілі праз чатыры-пяць гадзінаў, але без усялякіх тлумачэнняў. Я патрабаваў, каб пракуратура правяла расследванне, але мае настойлівыя патрабаванні былі праігнараваныя. Такім чынам, у 1997 годзе пачаў прымяняцца гвалт супраць журналістаў. Потым наша газету спрабавалі высяліць з памяшкання, якое мы арэндавалі ў дзяржаўнай арганізацыі. А затым прэзідэнт Лукашэнка, у рэшце рэшт, вырашыў забараніць газету. У выніку 15-ці хвіліннага судовага разбіральніцтва, якое было фармальным, суд забараніў газету. Фармальна гэта зрабіў суд, хаця дакладна вядома, што гэта распараджэнне Лукашэнкі. 24-га лістапада 1997 года газета “Свабода” была забароненая. Яна выходзіла 8 гадоў, а за 15 хвілін яе забаранілі”.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ