Яшчэ раз пра выканаўцаў смяротнай кары
Цікава, што ў каментарах у сацыяльных сетках шмат тых, хто выступае за смяротнае пакаранне, а калі патрэбныя „героі” для тэлебачанні і радыё для адкрытай дыскусіі, калі трэба заявіць тое самае з адкрытым тварам, то ахвотных знайсці даволі складана.
Парадокс?
Справядлівы прысуд – добра гучыць – а што за ім? Так званы “калідор смерці” і куля, якая разносіць галаву.
Ведаеце, як адбываецца выкананне прысуду?
У Грузіі, напрыклад, для асуджаных да смяротнай кары былі вялікія сачкі, як для лоўлі матылёў – ім прыціскалі галаву чалавека да адмысловага жэлаба. Вялізны сачок, ў пырсках крыві, для лоўлі людзей.
А людзі, якія выконваюць прысуд – яны не забойцы?
Досвед любога забойства – забойства. Бар’ер знікае.
Алег Алкаеў – у 1996-2001 начальнік СІЗА № 1 Мінска, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда». Пад кіраўніцтвам Алега Алкаева былі здзейсненыя 134+15 смяротныя прысуды. Алег Алкаеў гаворыць, што выкананне смяротнага прысуду – забойства, нават калі яно “па законе”:
– Забіць чалавека, які асабіста табе нічога дрэннага не зрабіў, забіць без злосці, без накалу страсцей – гэта складана. Смерць – гэта забойства, а забойства ніколі беспакарана не праходзіць. Гэта на вайне чалавек страляе з вялікай адлегласці, не ведае, патрапіў ці не патрапіў. І ў яго страляюць таксама. Гэта зусім іншае. Таму і група расстрэльная была засакрэчана, таму і блізкія сваякі не ведалі, нават калегі не ведалі, хто чым займаецца. І гэта свята выконвалася, перш за ўсё членамі самой групы. Забойства – заўсёды забойства, нават, калі па законе .
Ад забойства забойцаў свет не робіцца лепшым.