Яшчэ раз пра «западно-русизм»
Тэкст майго таты, палітолага, Уладзіміра Качаткова, «Западно-русизм» па-гомельску быў надрукаваны ў часопісе “Мінуўшчына” 6, 1995 год.
Тэкст актуальны і цяпер. Уладзімір Качаткоў, «Западно-русизм» па-гомельску У манаграфіі, выдадзенай у 1993 годзе у Менску, Аляксандр Цвікевіч назваў гомельскі “Союз Белорусской Демократии” “апошнім эпігонам “западно-русизма”. У межах гісторыі грамадска-палітычнай думкі Беларусі ХІХ – пачатку ХХ ст. характарыстыка “Союза Белорусской Демократии” (СБД) справядлівая і адносна дакладная. Згадванне Цвікевічам СБД звязана з даследаваннем “западно-русизма” “дэмакратычнага тыпу” і тых саступак, што рабілі яго прадстаўнікі ў пытаннях аб месцы беларускай мовы ў сістэме адукацыі. Можна меркаваць, што СБД прыцягуў увагу Цвікевіча дзякуючы акадэміку Яўхіму Карскаму, прозвішча і вучоныя званні якога былі падкрэслена вынесены на тытульны аркуш брашуры П.В.Каранкевіча “Белоруссы”. Падставу для такога меркавання даюць тыя абставіны, што ў кантэксце, прысвечаным праграме СБД, Цвікевіч згадвае імя яго лідэра Каранкевіча толькі ў сувязі са спасылкай на азначаную брашуру, а галоўным аб’ектам аналізу з’яўляецца каментар Карскага, надрукаваны ў ёй. Такія адносіны Цвікевіча да СБД і яго лідэра тлумачацца тым, што ні праграма СБД, ні “гістычны нарыс” Каранкевіча не ўнеслі ў “западно-русизм” нічога новага і таму характарызуюцца як ягоныя эпігоны, гэта значыць як паслядоўнікі, што пазбаўленыя творчай арыгінальнасці і толькі паўтараюць ідэі сваіх папярэднікаў. З пазіцый даследчыка “западно-русизма” супраць такой характарычтыкі пярэчыць цяжка. Але з пункту гледжання палітычнай гісторыі Гомеля праграма і дзейнасць СБД, падзеі, што звязаныя з ім, а таксама асоба Каранкевіча ўяўляюць несумненную цікавасць. Падзеі лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі ў сакавіку 1917г. дасягнулі Мінска, а ў красавіку актывізавалі палітычнае жыццё і Гомеля. Адна з праяў гэтай актывізацыі – “першы сход пражываючых у Гомелі беларусаў”, што адбыўся 23 красавіка 1917г. ў памяшканні Упраўлення Палескіх чыгунак. Каля дзвюхсот чалавек, што сышліся на сход, адпаведна настроям часу вырашылі стварыць “Временный Белорусский Демократический Комитет”, які 18 чэрвеня быў пераўтвораны ў “Союз Белорусской Демократии”. Можна меркаваць, што лідэры СБД (П.Каранкевіч, Д.Гулевіч, К.Гушча, В.Васіленка, Ф.Шышко ды інш.) палітычна былі досыць актыўнымі. На працягу трох месяцаў (з канца красавіка да жніўня 1917г.) яны распрацавалі праграму, правялі чатыры агульныя сходы, дваццаць пасяджэнняў Камітэта СБД, стварылі сваю філію ў Маладзечне, прынялі ўдзел у дзвюх нарадах прадстаўнікоў беларускіх арганізацый (25 чэрвеня ў Віцебску і 4-6 ліпеня ў Петраградзе), з аўтарствам Карэнкевіча паспелі выдаць брашуру “Белоруссы” з падрабязным аглядам сваёй дзейнасці. З моманту свайго ўзнікнення СБД абвясціў аб “марнасці аўтаноміі” і аб сваім намеры “усяляк супрацьдзейнічаць імкненню некаторых беларусаў да аўтаноміі”, супрацьпаставіў сябе беларускаму нацыянальна-вызваленчаму руху. Галоўным аб’ектам гэтага супрацьдзеяння стаў Беларускі Нацыянальны Камітэт. Прапанова прадстаўніка БНК К.Станкевіча “стаяць за аўтаномію Беларусі” на сходзе СБД 26 мая 1917г. была катэгарычна адхілена, а мерапрыемствы БНК па правядзеню “дзён свабоднай Беларусі” 24-25 чэрвеня кіраўніцтва СБД заклікала байкатаваць. Адкрытая канфрантацыя з прыхільнікамі незалежнасці Беларусі і высокая палітычная актыўнасць СБД сведчаць аб намеры яго лідэраў перахапіць ініцыятыву ў БНК і замяніць ідэю барацьбы за нацыянальнае самавызначэнне беларусаў лозунгамі “яднання дэмакратыі”, “яднання свабоднай Беларусі са свабоднай Вялікай Расіяй”. На гэтым шляху, лічыў Каранкевіч, “нам належыць аб’яднацца з іншымі роднаснымі нам плямёнамі – вялікарускім і маларускім – у адзіную магутную і непарушную народнасць рускую”. Доказы аб неабходнасці і карысці існавання беларускага народа ў складзе Расійскай імперыі і “адзінай рускай народнасці” СБД чэрпаў выключна з ідэалагічнага арсеналу “западно-русизма”. Асабліва паказальная ў гэтым сэнсе гістарычная частка брашуры Каранкевіча. У сціслым, часам урэзаным або мадэрнізаваным выглядзе ў гэтай яе частцы гучаць фактычна ўсе галоўныя ідэйна-палітычныя матывы і аргументы “западно-русов”. Тут і сцвярджэнне аб тым, што “пасля прыяднання Літвы і Беларусі да Польшчы на працягу 500 год беларуская культура ў сваім развіцці не пасунулася ні на крок”, і што “зусім новая эра ў жыцці беларусаў наступіла ад дня … фактычнага прыяднання Беларусі да Расіі”. Пераконваючы чытачоў у адсутнасці “сур’ёзных тармазоў ў яднанні свабоднай Беларусі са свабоднай Вялікай Расіяй”, Каранкевіч суправадзіў гэтую тэзу некампетэнтнымі і абразліва-зневажальнымі разважаннямі аб маладой беларускай літаратуры. Адпаведна і беларуская мова па-Каранкевічу ёсць нішто іншае, як толькі “наречие или говор” рускай мовы з безліччу відазмяненняў ў залежнасці ад той ці іншай мясцовасці. У аргументацыі Каранкевіча, поўнасцю запазычанай у класіка “западно-русизма” М.Каяловіча і ў часопісах накшталт “Окраины России”, ёсць аднак адно цікавае выключэнне: у ёй адсутнічаюць канфесійныя матывы неабходнасці зліцця Беларусі і Расіі. Мяркуючы па некаторых мякка-негатыўных заўвагах Каранкевіча ў адрас духавенства і таму, што байкот “дзён свабоднай Беларусі” быў абвешчаны нібыта з прычыны іх супадзення з “царкоўным святам.., а не са святам нацыянальна-беларускім (Івана Купалы)”, адсутнасць тэзы аб “еднасці ў праваслаўі” не з’яўляецца выпадковым. Верагодна, дзейнасць СБД і светапогляд яго лідэра мелі пэўную атэістычную афарбоўку. Гэтыя абставіны цікавыя яшчэ і тым, што “мяккі” атэізм СБД не пашкодзіў яго даволі шчыльным кантактам і супрацоўніцтву з кансерватыўна-клерыкальным Беларускім Народным Саюзам. Больш паслядоўна як эпігон “западно-русизма” СБД выявіў сябе ў пытанні аб ролі беларускай мовы ў сістэме адукацыі. Трэці пункт праграмы СБД прадугледжваў “увядзенне выкладання ў навучальных установах на агульнадзяржаўнай рускай мове, роднай і таму дастаткова зразумелай для ўсіх беларусаў”. Безапеляцыйнасць і нетактоўнасць гэтага патрабавання былі настолькі відавочныя, што больш дасведчаны прыхільнік “западно-русизма” акадэмік Карскі параіў Каранкевічу выкласці гэты пункт у іншай рэдакцыі: выкрасліць словы “родны і таму”, “усіх”, а ў канцы тэксту дадаць – “таму што беларуская мова – толькі “наречие” рускай мовы”. Такім чынам, у рэдакцыі Карскага згаданы пункт гучаў бы так: “увядзенне выкладання ў навучальных установах на агульнадзаржаўнай рускай мове, дастаткова зразумелай для беларусаў, таму што беларуская мова – толькі “наречие” рускай мовы”. Акадэмік раіў таксама “не перашкаджаць дапушчэнню ў пачатковай школе звароту да народнай мовы і не забараняць літаратуры на гэтай мове”. СБД пагадзіўся з апошнімі парадамі Карскага, але рэдакцыю трэцяга пункта сваёй праграмы не змяніў. Цікавасць да гомельскага “Союза Белорусской Демократии” мела б толькі гісторыка-краязнаўчы характар пры ўмове пацвярджэння яго характарыстыкі яе “апошняга эпігона” “западно-русизма”. На жаль, праўдзівасць гэтай высновы пацвердзілася толькі часткова. СБД сапраўды быў эпігонам “западно-русизма”, але не апошнім… Памылку аптымістычнага вызначэння “апошні” можна вытлумачыць некалькімі прычынамі. Па-першае, Цвікевіч лічыў, што “западно-русизм” народжаны імперскім самаўладдзем і неадзельны ад яго. Такім чынам, разам за распадам Расійскай імперыі знікне і беларускі варыянт яе ідэйна-палітычнай дактрыны. Па-другое, вызначэнне “апошні эпігон”, магчыма, з’яўлялася вынікам падсвядомага жадання Цвікевіча паставіць апошнюю кропку ў гісторыі “западно-русизма”. Але ж, хутчэй за ўсё, разгледзець і паказаць больш глыбокія карані і падставы “западно-русизма” Цвікевічу перашкодзілі менавіта ідэалагічныя і палітычныя ўмовы, у якіх ён апынуўся пад час напісання сваёй кнігі. Аб тым, што прырода “западно-русизма” не зводзіцца толькі да мінулага, Цвікевіч калі і не ведаў (а хутчэй за ўсё ведаў!), то здагадваўся. Інакш ён не стаў бы на заканчэнне свайго даследавання папярэджваць прыхільнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння аб небяспецы рэанімацыі “западно-русизма”, аб доўгажыхарстве тых, якія і ў новую эпоху “захавалі цень вялікай і недзялімай Расіі” і “збераглі свой “западно-русский” камень”. Гэта, хутчэй за ўсё, заўвага Цвікевіча, чым яго ж ацэнка СБД. У рэтраспектыве сёння зразумела, што дзейнасць СБД з аднаго боку – праява інэрцыі гістарычных тэндэнцый, а з другога – адна з першых спроб “западно-русизма” адаптавацца да новых палітычных умоў, стварыць у іх свой асяродак існавання і захаваць за сабой высокі дзяржаўны статус праваднікоў вялікадзяржаўнай палітыкі імперскай Расіі. Гэтыя спробы прынеслі плён не адразу. Кастрычніцкая рэвалюцыя, грамадзянская вайна, “дыктатура пралетарыята” знішчылі паслялютаўскі ідэйна-палітычны плюралізм. Не пазбеглі гэтага лёсу і “западно-русы”. Але іх ідэалогія, як выражэнне гістарычнай тэндэнцыі русіфікатарства, запатрабавалася праз паўтара дзесяцігоддзя і рэалізавалася ўжо пад лозунгамі сацыялізму і “пралетарскага інтэрнацыяналізму”. Пагромныя вынікі гэтай лозунгавай палітыкі добра вядомыя, а спробы сучасных нашчадкаў “западно-русизма” яе адрадзіць пад сцягам “славянскага адзінства” нічога добрага, на наш погляд, не прынясуць. Уладзімір Качаткоў, палітолаг |