Жах, які хаваўся за высокімі фразамі



У 1957 годзе Альбер Камю піша эсэ “Разважанні пра гільяціну” (Réflexions sur la Guillotine).

Пакаранне смерцю з выкарыстаннем гільяціны называецца “гільяцінаваннем”, ім у Францыі карысталіся да адмены смяротнага пакарання ў 1981 годзе.

Альбер Камю звяртаецца да эмацыйнага аргументу – ён распавядае як смяротнае пакаранне выглядае ў рэальнасці, а не ў абстрактных разважаннях пра “меру справядлівасці”. Камю пачынае эсэ з аповяду пра свайго бацьку (прыхільніка смяротнай кары), які пайшоў глядзець, як будуць караць смерцю злачынцу.

«У Алжыры незадоўга да вайны 1914 года быў асуджаны да смяротнага пакарання адзін забойца, які здзейсніў жахлівае злачынства (яго ахвярамі стала цэлая сялянская сям’я разам з дзецьмі). Гэта быў сельскагаспадарчы працаўнік, які здзейсніў сваё забойства ў прыступе крыважэрнасці; але дадатковы цяжар зробленаму надавала тая акалічнасць, што ён абрабаваў сваіх ахвяраў. Справа прыцягнула ўвагу грамадскасці і атрымала шырокі розгалас. Шмат хто лічыў, што абезгалоўліванне – занадта лёгкая смерць для такога мярзотніка. Гэтак жа думаў і мой бацька, які асабліва абураўся з-за забойства дзяцей. Упершыню ў сваім жыцці бацька пажадаў прысутнічаць пры смяротным пакаранні. Ён падняўся на золку і накіраваўся на іншы канец горада, дзе павінна было адбыцца публічнае выкананне прысуду пры вялікай колькасці народу. Пра пабачанае ў тую раніцу ён ніколі нікому не расказваў. Мая маці казала потым, што калі ён вярнуўся, на ім твару не было. Ён віхорам уварваўся ў дом і, не кажучы ні слова, паваліўся на ложак. Яго ванітавала. Ён убачыў тое, што на самой справе хавалася за высокімі фразамі. Ён ужо забыўся пра забітых дзяцей. Ён бачыў толькі сутаргі цела асуджанага, якому толькі што перарэзалі горла”.

І пра смяротнае пакаранне як «меры справядлівасці»: «Калі грамадства апраўдвае смяротнае пакаранне неабходнасцю прыкладу, яно павінна кожны раз паказваць рукі кАта і прымушаць глядзець на іх ўсіх тых, хто так ці інакш заклікаў гэтага кАта».

І пра неэфектыўнасць смяротнага пакарання: «Вялізная большасць вядомых забойцаў, калі галіліся раніцай, не ведалі, што яны ўчыняць забойства ўвечары». «Смяротнае пакаранне не можа запалохаць чалавека, якога лёс адкідвае на шлях злачынства».

Альбер Камю (Albert Camus) – пісьменнік і філосаф, якога яшчэ пры жыцці называлі «сумленнем Захаду» , якому была прысуджана Нобелеўская прэмія па літаратуры (1957) «за вялікі ўклад у літаратуру, асвятленне значэння сумлення ў жыцці чалавека».

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ