Забойства як „Пабытовая з’ява”



Найлепшы нарыс на тэму смяротнага пакарання Уладзіміра Караленкі  мае назву Пабытовая з’ява. Нататкі публіцыста пра смяротнае пакаранне”. Упершыню быў надрукаваны ў альманаху “Руское богатство” у 1910 годзе.

 Тэкст заснаваны на лістах з камер смяротнікаў, аповядаў палітвязняў, якія станавіліся сведкамі выканання смяротнай кары ў турмах.

 Тэкст пачынаецца са згадкі пра тое, як Першая Дума адмяніла смяротнае пакаранне, але гэта не паўплывала на сітуацыю з выкананнем смяротных прысудаў.

„Шыбеніца зноў прынялася за працу, і яшчэ ніколі, быць можа з часоў Івана Грознага, Расія не бачыла такой колькасці смяротных пакаранняў. Сярод звычайных рубрык смяротнасці (ад голаду, тыфа, дыфтэрыту, скарлатыны, халеры, чумы) трэба адвесці месца новай графе: „ад шыбеніцы”. Амаль штодня, на золку, калі над велізарнай краінай пануе моцны сон, дзе-небудзь па турэмным калідорах злавесна гучаць крокі, каго-небудзь падымаюць ад жахлівага забыцця і вядуць, здаровага і поўнага сіл, да падрыхтаванай магілы.

У нашы часы смяротнае пакаранне вульгарызавалася. З яго сарваныя ўсе ўрачыстыя вопраткі. Ды і ці маглі яны ацалець, калі суды выносяць адразу па трыццаць смяротных прысудаў, калі пакаранне прызначаецца „за напад, які суправаджаўся толькі выкраданнем чатырох рублёў, пары чаравікаў і пярсцёнкаў”.

Пакаранне смерцю становіцца замест „смяротнага параду” простай і будзённай справай. Людзей пачынаюць вешаць без рытуалу, нават проста без дастатковай падрыхтоўкі.

 13-14 снежня 1908 года ў горадзе Уральску, па прысудзе ваенна-палявога суда, здзейснена пакаранне над Лапіным, абвінавачаным у забойстве генерала Харошкіна. Кат, наняты для гэтага выпадку за пяцьдзесят рублёў, быў у масцы. Заплацілі яму даволі мала, верагодна таму, што гэта быў яшчэ пачатковец у сваёй справе. Падрыхтаваная  вяроўка  аказалася непрыдатнай; паслалі за новай, прынеслі зноў занадта тоўстую. Давялося шукаць трэцюю (дзе? можа быць, бегалі па гарышчах?) . Усё гэта адбывалася ў прысутнасці асуджанага. Недасведчанасць таннага ката прымусіла асуджанага дапамагаць яму прыладжваць пятлю і адштурхнуць лаўку… Увесь час гэтай зацягнутай працэдуры асуджаны сцвярджаў, што ў забойстве Харошкіна ён не вінаваты”. 

Пісьменнік Уладзімір Караленка (1853-1921) быў чалавекам, які прынцыпова і паслядоўна выступаў супраць смяротнага пакарання ў Расійскай імперыі. Яму нават удавалася прыпыніць выкананне смяротных прысудаў, а за час прыпынення, знаходзіліся сведчанні невінаватасці людзей. Цяпер мы маглі б сказаць, што Караленка быў “пісьменнікам-праваабаронцам”, але тады гэта называлася  інакш – „народны заступнік”.

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ