Змыванне грахоў



Ужо 18 студзеня, як запаляцца зоркі ў небе, людзі памкнуцца змываць грахі. Ужо рашчышчаная дарога да Дняпра – ужо падрыхтаваная палунка – Іардань.

Першымі 18-га ўначы грахі змываць прыязджаюць прадстаўнікі гарадскіх эліт – дырэктары заводаў, галоўныя ўрачы паліклінік і бізнес.

Гэта яшчэ да таго, як палунка будзе асвечаная.  

Вадохрышча.

19 студзеня пасвенціць Іардань святар Царквы Святого Леаніда, што на вуліцы Караткевіча ў Воршы. 

19 студзеня грахі змываюць ужо ўсе, хто толькі можа – салдат прыводзяць шыхтамі, міліцыянеры едуць сваімі падраздзяленнямі, супрацоўнкі калоніі, мамы з дзеткамі, дзеткі без мамаў, мужы з жонкамі, жонкі без мужоў з сяброўкамі. І так суткі. 

Уся вуліца Караткевіча ў Воршы застаўлена машынам – цікавы аўтапарк – ёсць на што паглядзець –  ад Дняпра да самай хаты бацькоў Караткевіча, радзільні і далей,

Акунаюцца з галавой.

Халодная вада дае ілюзію, што грахі змыліся і знесеныя халоднай дняпроўскай плынню.  

Але, як кажа начальнік ратавальнай станцыі, тэмпература ў рацэ Іардан, была зусім не такая, як у нас у Дняпры.

А яшчэ кажуць, што ўся вада ў гэты дзень святая, так што можна і ў лазьню і ў аквапарк. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ