Звальненне



Звальняліся мы з музея Максіма Багдановіча ў жніўні 1998 года. Мяне звольніў Алесь Бяляцкі сваім загадам дырэктара, а яго звольніў Хадкевіч Леанід Тарасавіч – дырэктар Аб’яднання літаратурных музеяў.

Fktcm Бяляцкі троху адгаворваў мяне ад звальнення, сяджу ў яго ў кабінеце на канапе, а ён кажа: „Ну, куды ты пойдзеш, што ты там рабіць будзеш?” „А тут што я рабіць буду? Кажуць, што хутка ў кабінетах прымусяць вешаць партрэты Лукашэнкі. Пад партрэтам Лукашэнкі я працаваць не буду”.

На той момант пад дахам музея ўжо дзейнічала праваабарончая арганізацыя „Вясна-96”, ужо дапамагалі палітычным вязням, ужо быў атрыманы першы ліст з камеры смяротнікаў ад Івана Фаміна. І для „Вясны” я зрабіла нешта да таго часу, насіла перадачы на Акрэсціна, складала на музейным кампутары спісы затрыманых. Падрыхтавала самы першы матэрыял пра „Вясну 96” для шырокай грамадскасці.

У газеце „Навіны” („Свабода”), надрукавалі інтэрв’ю з Бяляцкім, якое называлася „Мы аказваем рэальную дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій”. „Будзе „Вясне” піяр, ” – сказаў рэдактар газеты „Свабода” Ігар Гермянчук.

Газета выйшла 9 чэрвеня 1998 года. У жніўні мы звальняліся. Алена Лапцёнак запыталася, што падараваць на развітанне, адказала ёй: „Майку з выявай Адама Ягоравіча Багдановіча”.

Нам замовілі майкі.

Развітваліся на другім паверсе музея ў экскурсійна-масавым аддзеле. На стале – ежа і букеты флоксаў.

Прыйшоў Едрусь Акулін, ён працаваў тады загадчыкам „Беларускай хатка”. Акулін зайшоў, паглядзеў на флоксы і сказаў: „Нябожчыкам пахне”.

Што нам жадалі ў музеі на развітанне – не памятаю. Ці назаўсёды праводзілі – таксама не памятаю.

Памятаю, што мы сфатаграфаваліся ў майках з выявамі: я з выявай Адама Багдановіча, у Алеся на майцы, здаецца, Марыя Апанасаўна была – маці Максіма. Сфатаграфаваліся на лесвіцы каля пачатку экспазіцыі, на фоне жырандолі „Вянок”.

Фотаздымкі ў мяне былі, а цяпер няма – не захаваліся.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ