А коніка шкада
«Если в Токио не будет результата, если вы туристами туда съездите и вернетесь ни с чем – лучше в страну не возвращайтесь» – так натхняў вялікі кормчы, хакеіст нумар 1 і адмысловец па ўсіх відах спорту алімпійцаў зборнай Беларусі на рабочую паездку ў краіну Узыходнага сонца. Шматпакутная алімпіяда дзень за днём выконвае сваю абавязковую праграму – градам ліюцца пот і слёзы, змяняюцца імкліва віды і дысцыпліны, стракаціць п’едэстал разнастайнымі сцягамі. Ужо прадстаўнікі 65 краін на 29 ліпеня заваявалі ўзнагароды, а ў медальнай скарбонцы РБ нічога не звініць і бляск высакароднага металу не адсвечвае.
Асаблівыя надзеі ўскладаліся на найбольш іэалагічна бездакорных і вытрыманых атлетаў. Прыкладам першую ракетку краіны, душой і целам адданую кіраўніцтву дзяржавы. Але не спраўдзіла надзеі, натхнёная чырвона-зялёнымі колерамі, тэнісістка. Вылецела на далёкіх подступах ад п“едэсталу. Што ж, з кожным бывае – як ў той старой показцы пра кабылку на скачках – «ну не шмагла я, не шмагла». Але ў адрозненне ад іншых спартоўцаў гэтая правільная ракетка нават не стала каментаваць свой правал – падляцелі да яе бэтэшнікі і пайшлі ні з чым, як шылам гарачай кашы ўхапіўшы.
Некалькі беларусаў, якія прыляцелі ў Токіо, не маглі стартаваць з прычыны таго, што не прайшлі за сезон пэўную колькасць допінг-тэстаў. Але няўжо пра гэта ня ведала Міністэрства спорту, пасылаючы іх у далёкую Азію?!
Але па-сапраўднаму шкода толькі аднаго прадстаўніка Беларусі – коніка з мілагучнай мянушкай Марціні. Ужо ў сталіцы Японіі ветэрынары выявілі ў каня сур’ёзную хваробу. Ну а вершнік без свайго гадаванца ніяк ня зможа выступіць. Так што няма падтрымкі заўзятараў – няма і спартовага шчасця.
Уладзімір Хільмановіч