«Абралі цябе нябёсы…». Памяці Вітольда Ашурка



21 траўня беларускімі праваабаронцамі быў абвешчаны Днём палітвязня ў Беларусі. Прымеркаваны ён да дня трагічнай гібелі палітычнага зняволенага Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калоніі роўна год таму. Пасля той жудаснай турэмнай смерці, калі фактычна быў закатаваны здаровы чалавек, якога несправядліва адправілі за краты на пяць гадоў, не была пачата нават крымінальная справа.

Дзень гібелі Вітольда Ашурка стаў гэткім яскравым адлюстраваннем таго становішча, у якім апынулася Беларусь з 2020 года. Дзясятак палітычных забойстваў здарылася яшчэ тады, у час масавага выхаду людзей на вуліцы з акцыямі мірнага пратэсту. Але пасля смерці Ашурка прыйшло дадатковае выразнае ўсведамленне, што ўсе мы знаходзімся ў вялікім канцлагеры і кожнага могуць забіць з кожнай прычыны і без прычыны – за нейкія дзеянні, нават за погляды, нават дзеля нейкай сатанінскай забавы тых, што гвалтоўна ўтрымліваюць уладу і якія атрымліваюць задавальненне ад здзекаў з людзей. У гэтым канцлагеры адносная вольнасць вымяраецца толькі адлегласцю да калючага дроту і доўгай чаргой у турму за краты. І свабода асобы і само жыццё чалавека ў лукашэнкаўскай Беларусі абясцэнілася настолькі, што людзі сталі тысячамі пакідаць сваю краіну, выпраўляцца за мяжу, ратуючыся ад жорсткага тэрору дзяржаўных сілавых структур. А яшчэ некалькі тысяч годных грамадзянаў Беларусі зняволены за кратамі турмаў і іншых пенітыцыярных установаў, іх здароўе і жыццё цэлы час пад пагрозай.

Найбольш прыкрым у гэтай сітуацыі, якая склалася зараз у Беларусі, ёсць тое, што гэтыя рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх суграмадзян ажыццяўляюцца пераважна рукамі мясцовых людзей – беларусаў, палякаў, габрэяў, іншых – тых хто нарадзіўся на гэтай зямлі, але выракся ўсяго мясцовага і пайшоў у найміты да маскоўскіх акупантаў. Такога роўню калабарцыянізму беларуская зямля яшчэ не ведала. Бо раней у нашай гісторыі, прыкладам пасля паразаў нацыянальна-вызвольных паўстанняў 19-га стагоддзя ці ў 1930-ыя гады рэпрэсіі вялі і ажыццяўлялі пераважна чужынцы з усходу. Зараз жа вырасла плойма здраднікаў і катаў, якія мучаюць сваіх суайчыннікаў, служаць чужынцам, што захапілі ўладу і кіруюць працэсамі.

Вітольд Ашурак для многіх, хто яго ведаў, быў сапраўдным духоўным братам, вельмі пазітыўным адраджэнцам, які шмат зрабіў для ўшанавання памяці тых, хто раней загінуў за вольнасць нашага Краю. Ён не мог заставацца абыякавым да таго, што адбываецца наўкола, што дзеецца ў нашай Беларусі, і цэлы час ладзіў нават адзіночныя мірныя акцыі пратэсту – супраць шкоднай вытворчасці ў яго роднай Бярозаўцы, супраць забруджвання рэк Дзітвы і Нёману, супраць камуністычных крывавых ідалаў, якіх ізноў узнялі на шчыт. Антычалавечая сістэма бачыла яго духовую сілу і цэлы час пераследавала, помсціла, не магла дараваць ягонай прагі да вольнасці і справядлівасці. Вітольд быў вельмі натхняльным чалавекам, нават ягоныя лісты і паштоўкі з турэмнага зняволення былі надзвычай аптымістычнымі і падтрымлівалі тых, хто застаўся на адноснай волі.

20-22 траўня разнастайныя акцыі і вечарыны памяці Вітольда Ашурка і ў падтрымку палітвязняў прайшлі ў розных гарадах свету – Варшаве, Вільні, Беластоку, Кракаве, Пазнані, Тэль-Авіве, Батумі, Тбілісі, Празе, Каўнасе, Львове, Эдынбургу, Тэмсе, Таронта… Хочацца верыць, што памяць пра гэтага выдатнага чалавека, які быў шчырым беларускім патрыётам, будзе захоўвацца і надалей у сэрцах беларусаў. Імя Вітольда Ашурка ўжо стала ў адзін шэраг з імёнамі такіх нацыянальных герояў, як Кастусь Каліноўскі, Расціслаў Лапіцкі, Янка Філістовіч. А пакуль жыве наша памяць пра такіх як яны – будзе жыць і Беларусь.

Вітольд Ашурак быў светлым жыццясцвярджальным чалавекам і такім застанецца ў нашых душах і успамінах. Як напісаў у сваім вершы Віктар Сазонаў:

«Абралі цябе Нябёсы, каб так ты жыццё пражыў, што змог павязаць ім лёсы, што прыйдуць, і тых, хто быў…»

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ