Адзінства для аднаго
На фоне страшэннага расколу ўлады і грамадства ў Беларусі, які паглыбляўся гадамі і выйшаў на свой пік летась, у дзяржаве бягучы 2021 год нібы ў насмешку ці нават здзек быў абвешчаны годам «народнага адзінства». Зразумела, што пра ніякі дыялог ці тым больш перамовы і замірэнне ўлады з грамадствам гутарка не ішла ад пачатку. На такія крокі сённяшняя дзяржава не здольная проста ў сілу сваёй прыроды. «Адзінства» у разуменні ўлады – гэта найперш поўнае і рабскае падпарадкаванне людзей дзяржаўным сілавым органам і бюракратычным структурам кіравання. Паслухмянасць і выкананне дзяржаўных заданняў – гэта і ёсць для яе «адзінства».
Вельмі характэрны і дзень, абраны рэжымам для ўсенароднага святкавання – 17 верасня – у гонар аб’яднання Усходняй і Заходняй частак Беларусі ў 1939 годзе. Увесь апошні год кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь сістэмна і паслядоўна сеяла і распальвала нянавісць практычна да ўсіх суседзяў. Ну акрамя, канечне, свайго старэйшага крамлёўскага брата, які летась чарговы раз уратаваў рэжым, прычым на гэты раз ужо ад поўнага фізічнага краху. Падаецца і дзень святкавання быў абраны, каб найперш дагадзіць маскоўскім гаспадарам. Невыпадкова ж і ў Расеі дзень народнага адзінства наўпрост звязаны з дачыненнямі з Рэччу Паспалітай. Прыгадаю тут, што расейцы з 2005 года святкуюць такі дзень 4 лістапада – а прымеркавана гэта да далёкіх падзей 1612 года, калі маскоўскае апалчэнне «вызвалілася» ад войскаў Рэчы Паспалітай і ў іх Масковіі скончылася «смутное время». Нібы з таго 1612 года ў Расеі наступіла поўнае шчасце. Але ж «умом Россию не понять», хай там ушаноўваюць, што хочуць і як хочуць…
Само ж святкаванне Дня народнага адзінства не выклікала ў Беларусі ніякага энтузіязму. У гэтай дзяржаве, ўсё што звязанае з уладамі і іх дзеяннямі, фальшывае, штучнае, неарганічнае, паказушнае, і ўсё большыя пласты грамадства гэта разумеюць і усведамляюць. У Гродне, прыкладам, нягледзячы на ўсе высілкі ўладаў па арганізацыі розных мерапрыемстваў і канцэртаў, на цэнтральных пляцах у той «дзень адзінства» было зусім пуста. І не толькі з-за халоднага надвор’я і дажджу. Таму і ўзнікае ўражанне і нават перакананне, што прыдуманы гэты дзень быў толькі для адзінага палітычнага персанажа, які кожным коштам намераны ўтрымліваць сваю ўладу. І прыдумана гэтае свята было толькі для аднаго – далейшага распальвання сацыяльнай, нацыянальнай, палітычнай варожасці, стварэння вобразу «астраўка стабільнасці» у атачэнні драпежных і агрэсіўных суседзяў. Сістэмныя правакацыі ў бок сумежных Літвы і Польшчы дапоўніліся такім дэманстрацыйным выклікам датай 17 верасня, якая ў Польшчы ўспрымаецца і ацэньваецца, канечне, зусім не так як у Беларусі. Пры тым дзяржаўныя прапагандысты чырвонага Мінску не пашкадавалі чорных фарбаў ў сваіх тэлевізійных і іншых медыйных агітках. На авансцэну выйшлі і афіцыёзныя дзяржаўныя гісторыкі. Але ці ім – людзям якія сістэмна бэсцяць беларускія нацыянальныя каштоўнасці, нашу спрадвечную нацыянальную сімволіку і нашых вялікіх герояў – даваць ацэнкі той складанай гістарычнай падзеі 1939 года?!
А ў Беластоку тым часам адкрылі музей памяці Сібіры. Пашчасціла быць на яго ўрачыстым адкрыцці і на ўласныя вочы пабачыць, як важная памяць пра трагічныя падзеі дваццатага стагоддзя і пра іх ахвяры. Тое, што для палякаў і беларусаў Падляшша – ужо даўняя гісторыя, якую тым не менш належыць ведаць і памятаць, для Беларусі, на жаль, суровая рэчаіснасць і сённяшняга дня. Рэнесанс ідэалогіі сталінізму адбыўся за апошняе дзесяцігоддзе літаральна на нашых вачах. Да даты 17 верасня дзяржаўная газета Беларусі «Звязда» выйшла факсімільным нумарам з партрэтамі Молатава і Сталіна. Гэта яшчэ раз яскрава засведчыла каштоўнасныя ідэалагічныя арыенціры кіраўніцтва дзяржавы. Пра музеі ўшанавання шматлікіх насельнікаў Беларусі, знішчаных злачынным камуністычным рэжымам, беларусы пакуль могуць толькі марыць…
Уладзімір Хільмановіч