Апошні пункт адліку



“Бываюць дні, калі апусціш рукі, няма ні слоў, ні музыкі, ні сіл”. Курапацкі крыжалом, здзейснены ўладамі ў перадвелікодны перыяд каля самай сталіцы Беларусі за два заходы, нанёс грамадзянскай супольнасці магутны псіхалагічны ўдар, вытрымаць які будзе надзвычай цяжка. 4 красавіка, якраз ва ўгодкі нацыянальнага героя, узорнага айчыннага дзяржаўніка Льва Сапегі, было выдрана з зямлі каля 70 драўляных крыжоў. Грамадства ў цэлым праглынула гэта – як рэакцыя на жудаснае маральнае злачынства на малебен у Курапаты з двухмільённага Мінску прыйшло ці прыехала толькі 200 чалавек. Такія масавыя абыякавасць і страх тых, хто не прыйшоў, выклікалі наступны крок. 13 красавіка на ленінска-лукашэнкаўскім суботніку мясцовыя хунвэйбіны знішчылі ўжо дзясяткі металёвых крыжоў вакол кальцавой дарогі.

Вельмі кволая рэакцыя і прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў. Толькі мітрапаліт рымска-каталіцкага касцёлу Тадэвуш Кандрусевіч зрабіў некалькі выразных заклікаў да ўлады. З асуджэннем яе антыхрысціянскіх дзеянняў выступілі адзінкавыя праваслаўныя святары, іх галоўны іерарх, прысланы ў Беларусь з Крамля, канешне прамаўчаў. Не выказаліся і з-за мяжы – ні каталіцкая апостальская сталіца, ні праваслаўны Канстанцінопаль.     

Беларуская зямля перажыла за апошнія стагоддзі мноства розных акупацый розных агрэсіўных рэжымаў рознай ступені жорсткасці. Але, бадай, што ніколі яшчэ не было такога масавага маўклівага канфармізму, такога прыстасаванства, такой агромністай ступені калабарацыі і згодніцтва з антычалавечым рэжымам. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова глянуць на спісы наменклатурнага ўладнага чынавенства, на прозвішчы тых жа нішчыцеляў народнага мемарыяла – спрэс беларускія, польскія, яўрэйскія, татарскія прозвішчы. Усе мясцовыя, усе народжаныя на гэтай зямлі, усе вырадкі і манкурты, гатовыя нішчыць нацыянальныя традыцыі народаў, якія спакон вякоў насяляюць гэтую шматпакутную і за нешта выклятую зямлю.

І што рабіць далей?! Перад многімі людзьмі ў гэтыя дні паўсталі выразныя пытанні – як імгненныя на сёння, так і стратэгічныя на бліжэйшую будучыню. Як рэагаваць на гэткі сатанінскі вандалізм улады: выходзіць на плошчу, пратэставаць, маліцца, праклінаць, хавацца ад гэтага зла, з’язджаць адсюль? Як жыць далей: карміць і выпраўляць дзяцей у школу, варыць баршчы, хадзіць на працу, выпіваць з сябрамі, удзельнічаць у “выбарах”, назіраць за гэтым ганебным працэсам збоку, праводзіць асветніцкую працу,“забіць” на ўсё? Думаецца, што пераважная бальшыня пакуль не знайшла для сябе адказу.

У бліжэйшай перспектыве цяжка ацаніць і сказаць, што здарылася. Ні то гэта агонія антыбеларускага рэжыму і яго галоўнага правадніка, ні то зусім наадварот –  палітычная смерць дзяржавы, якая так і не здолела сфармавацца як самастойная, застаўшыся марыянеткавай структурай імперскай Масквы. Выразна ясна пакуль адно – у сённяшняй Беларусі адбылася канчатковая фактычная рэабілітацыя сталінізму і яго злачынстваў супраць чалавечнасці.

За 25 гадоў кіравання Лукашэнкі вылучаюцца некалькі знакавых пунктаў адліку. Першы ў траўні 1995 года, калі ў выніку антыканстытуцыйнага рэферэндуму ўсталяваліся здзек над дзяржаўнасцю беларускай мовы і фактычная забарона нацыянальнай сімволікі. Другі ў 1999 годзе, калі бясследна зніклі вядомыя апазіцыянеры: Юры Захаранка, былы міністр унутраных спраў, Віктар Ганчар, былы парламентарый і старшыня ЦВК, а таксама бізнесовец Анатоль Красоўскі. Так званае следства, канешне, нічога не выявіла. Трэці ў снежні 2010 года, калі жорстка была разагнаная Плошча і праведзены найбольш масавыя рэпрэсіі – тады ж выразна стала зразумела, што памяняць уладу мірна ў выніку выбараў ужо не ўдасца. І вось “чорны красавік” 2019-га, калі растаптаная памяць і здзейснены публічны маштабны здзек і з нявінна забітых, і з жывых, якія іх ушаноўваюць. У Беларусі, адзінай у Еўропе дзяржаве, існуе смяротнае пакаранне для забойцаў іншых людзей. Засталося заканадаўча ўвесці яго яшчэ для “врагов народа”, “изменников Родины”, “шпионов заграничных разведок”. І тады працэс “асаблівага шляху развіцця” будзе аформлены канчаткова.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ