Асліныя вушы
«Каб Сонца засланіць – вушэй асліных мала» – гэтыя радкі з класічнага верша беларускага байкапісца кожны больш менш адукаваны беларус памятае хіба яшчэ са школы. Але цяперашнія кіраўнікі, якія пануюць у Беларусі, надалей з упартасцю, уласцівай згаданай жывёле, імкнуцца пазбавіць краіну сонечнага святла, жыватворных фарбаў і стракатасці жыцця. Два гады ідзе паляванне на спалучэнне белага і чырвонага колераў, нават белыя аркушы паперы выклікаюць у сілавікоў нянавісць і агрэсію. І ўсюды мусіць быць шэрасць, шэрасць і яшчэ раз шэрасць, альбо змрочная балотная твань. Варта паглядзець на колеры і аздабленне іхных прыдуманых святаў. Усе гэтыя «празьнікі со слезамі на глазах», што б не адзначалі – дажынкі, «дзень незавісімасці», інаўгурацыю вечнага прэзідэнта, дзень яднання народаў – усё аднолькава, аднастайна і панура. Так што па фотаздымках праз час не разбярэшся, што і святкавалі. Усё з абавязковай разнарадкай для працоўных калектываў і загонам паднявольных людзей для масоўкі, усё па сцэнарах 1950-ых гадоў.
У Менску ў дадатак пачалі актыўна нішчыць старыя мастацкія муралы, якія стваралі раней творчыя людзі. Замест іх з’яўляюцца новыя замшэлыя выявы ў старасавецкім стылі. Мілітарны культ у гімнасцёрцы колеру хакі – гэта скрозь дамінанта дзяржаўнага светагляду. «Отечественная война» з сярпом і малатком, чырвоныя зоркі, аўтаматы, аляпаватыя неспалучальныя колеры – гэта эстэтыка цяперашняга афіцыйнага Менску. Па словах начальнікаў ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі сталіцы, такі стрыт-арт да «Году гістарычнай памяці» прапанавалі зрабіць жыхары раёна. Актыўна ўлучыўся ў працу па распрацоўцы выяваў і верны памочнік партыі ўлады – БРСМ. Новыя муралы глядзяцца не проста безгустоўна, яны рэжуць вока атрутнасцю, неспалучальнасцю каляровай гамы, замшэласцю савецкай тэматыкі. Але ж ім так хочацца засланіць сонца!
Уладзімір Хільмановіч