Атрута



Даволі шмат апошнім часам мне даводзілася спрачацца з многімі нават аднадумцамі наконт таго, як называць сённяшнюю ўладу Беларусі. З аднаго боку, гэта адзіная рэальная ўлада ў дзяржаве, якая называецца Рэспубліка Беларусь. І таму, у адпаведнасцю з рэчаіснасцю яе і трэба так называць – чыноўнікі РБ, міністры РБ і так далей. У той жа час такія найменні як “беларуская дзяржава”, “беларускі прэзідэнт”, “беларуская палітыка” (яны часта выкарыстоўваюцца нават у незалежных медыях і дэмакратычнымі дзеячамі) у дачыненні да тых асобаў, якія стаяць на чале дзяржавы, кіруюць ёй, ніяк не адпавядаюць сутнасці іх дзеянняў. Каб не быць галаслоўным, возьмем канкрэтны прыклад. Вось міністрам адукацыі РБ з’яўляецца такі чыноўнік як Игорь Карпенко. Больш антыбеларускага чалавека цяжка знайсці. Быў у нашай найноўшай гісторыі вельмі адукаваны, прыстойны з дзяржаўным мысленнем чалавек Генадзь Карпенка, які пакінуў пасля сябе вельмі добрую памяць. Чалавек, які мог прэтэндаваць на вышэйшую пасаду ў краіне і некаму моцна перашкаджаў. На жаль, яго заўчасна не стала. А згаданы вышэй Карпенко нарадзіўся ў Расеі і ўсё беларускае яму чужое, усё беларускамоўнае яму ненавіснае. Усё сваё працоўнае жыццё ён займаўся дзяржаўнай ідэалогіяй, узначальваў адыёзную камуністычную партыю, пасля чаго ў 2016 годзе і быў пасаджаны ў крэсла міністра адукацыі. Пастаўлены ўшчэнт дабіць гэтую адукацыю, давесці яе татальную русіфікацыю да канца. Больш антыбеларускага чалавека знайсці цяжка. Дык як яго можна назваць беларускім міністрам? Як ён паводзіць сябе ў час пандэміі толькі пацвярджае ўсё сказанае.  

Асобная гутарка пра першую персону дзяржавы. Чалавек, які даўно растаптаў усе асабістыя і грамадскія маральныя нормы, разбурыў канстытуцыйныя парадкі, разагнаў парламент, фактычна скасаваў выбарчую сістэму, знішчыў палітычных апанентаў, зняважыў народны мемарыял Курапаты, можа называцца беларускім прэзідэнтам?! Але дэ-факта ён начальнік дзяржавы, аднаасобны кіраўнік Рэспублікі Беларусь, “глаўнакамандуюшчы” арміяй. І менавіта так, калі выкарыстоўваць нейтральныя юрыдычна тэрміны, і трэба яго называць. Існуюць і розныя эўфемізмы для наймення канкрэтнай фігуры. Але называць яго беларускім прэзідэнтам катэгарычна нельга. Бо гэта азначае ўскоснае, а часам і найпроставае прызнанне ўсяго амаральнага і незаконнага, што зрабіў гэты правіцель.

Беларусь зараз атручваецца рознымі спосабамі. І эксперымент на выжыванне з каронавірусам яшчэ не сама страшнае. У многіх гарадах краіны – Светлагорску, Смаргоні, Бярозаўцы, Берасці, Гародні, іншых месцах – пабудаваныя ці будуюцца і плануюцца новыя шкодныя прадпрыемствы. На атручаных чарнобыльскіх землях заклікаюць да вырошчвання харчовых культураў. Неўзабаве будзе запушчана смяротна небяспечная для ўсёй краіны і цэлай Еўропы Астравецкая атамная станцыя. Але найбольш страшнай атрутай для Беларусі ёсць русіфікацыя, якую ўжо чвэрць стагоддзя вядуць у нашай краіне набрыдзі і манкурты. Яна дзейнічае не так хутка як шкодныя адкіды хімічнай вытворчасці ці радыяактыўны цэзій. Гэта атрута запаволенага дзеяння, крыху схаваная ўладнай сістэмай навучання, усімі дзяржаўнымі структурамі і схаваная (гэта значыць праглынутая – даруйце за сленгавае слова) інертным народам. Бо менавіта гэтая русіфікацыя прыводзіць да гістарычнага бяспамяцтва, да залежнасці і халуйства перад імперскім усходнім суседам, да няздольнасці бараніць сваё, да духоўнай дэградацыі і як вынік да таго, што беларускі народ як грамадзянская супольнасць пераўтвараецца ў паслухмяную рабскую масу, якую не палохае нават пагроза страты сваёй дзяржаўнасці. Русіфікацыя разбурае асноўны генетычны код беларусаў, здольнасць адрозніваць сваё ад чужога, усведамляць палітычныя і эканамічныя небяспекі, асабістыя страты.

За гэта адказныя не толькі тыя, хто праводзяць гэтую русіфікацыю. Той, хто моўчкі яе праглынае, хто лічыць, што гэта другасная з’ява, хто самападманваецца фальшывым двухмоўем – таксама стаў на бок зла. І ніяк іначай…    

Уладзімір Хільмановіч

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ