Белае і чорнае
Ніхто з нас не мог і блізка прадбачыць, што мы станем сведкамі такіх маштабных і гістарычных падзей, якія адбываюцца зараз у Беларусі і вакол яе. Нацыя, змучаная, жахлівым і бязлітасным дваццатым стагоддзем, яго войнамі і сталінскім генацыдам, пераходным перыядам пасля развалу таталітарнага Савецкага саюзу, зноў фактычна вяртаннем да савецкага камуністычнага ярма, урэшце прачнулася, схамянулася, абудзілася і выйшла на авансцэну. Чорная хеўра, якая ўладарыць на нашай зямлі, гэтага не магла не заўважыць. Тры ці чатыры дні людзей пасля галасавання на так званых прэзідэнцкіх выбарах хапалі на вуліцах беларускіх гарадоў, дубасілі, здзекаваліся па дарозе ў месцы зняволення, збівалі, дратавалі, катавалі ў розных месцах да калецтва, страты прытомнасці і нават смерці. Фактычна былі створаны сапраўдныя канцэнтрацыйныя лагеры з дзеяннямі катаў у стылі энкавэдыстаў і эсэсаўцаў. Вынік гэтага фашыстоўскага пабоішча – як мінімум пацверджана гібель пяці чалавек, каля дзесяці зніклі без вестак і іх не ўдаецца адшукаць дагэтуль, дзясяткі застаюцца ў шпіталях з ранамі і калецтвамі, сотні і тысячы жорстка збітыя і маюць траўмы рознай цяжкасці. Свабода і вызваленне здабываюцца, на жаль, кроўю, ахвярамі і стратамі.
Але такія жорсткія, нечуваныя на беларускай зямлі зверствы карнікаў з часу другой сусветнай вайны, не зламалі волю народу да пераменаў, не скарылі дух яго супраціву. На плошчы і вуліцы наступнымі днямі павыходзілі тысячы жанчын у белых і бел-чырвона-белых строях, многія з дзецьмі і карнікі былі змушаныя адступіць, стрымаць сваю неспатольную прагу крыві. А ўслед пачалі страйкаваць працоўныя заводаў і прадпрыемстваў. І ўлада затрэслася ад страху, галоўнакамандуючы аддаў загад збіраць і звозіць на плошчы сваіх прыхільнікаў з чырвона-зялёнай сімволікай. Пайшла дзяржаўная кампанія ў падтрымку “усенароднаабранага”, у інтэрнэце з’явілася прапаганда з недарэчнымі хэш-тэгамі, кшталту “Ябатька”, якія выклікалі россып карыкатур і смеху. Пры ўсіх высілках дзяржаўных прыкарытных структураў стварыць уражанне шырокай падтрымкі працоўнымі масамі Лукашэнкі так і не ўдалося, максімум, што ім удалося – гэта стварыць карцінку для афіцыйнага тэлебачання, якому ўжо мала хто верыць. Затое многія яшчэ раз убачылі сапраўднае аблічча гэтай улады. Калі ўслед за зацятымі, а таксама паднявольнымі праваднікамі “чырвона-зялёнага” курсу, якіх прывозілі на плошчы на адмысловых аўтобусах за дзяржаўныя сродкі, пацягнуліся і нешматлікія, але агрэсіўныя прыхільнікі паглынання Беларусі Расеяй – гэтыя павылазілі і з дзяржаўнымі расейскімі, і з георгіеўскімі, і з дэнээраўскімі сцягамі. Аднак, усё гэта з’явілася на адзін дзень і назаўтра зноў схлынула, як набрыдзь, здзьмутая ветрам.
Чым яшчэ былі адзначаныя апошнія тыдні – гэта шматлікімі акцыямі салідарнасці па ўсім свеце, яшчэ ніколі пра Беларусь на планеце не гаварылі так шмат. Яшчэ ніколі беларусы, якія жывуць і працуюць за мяжой, і якія, як раней здавалася, былі апалітычнымі і абсалютна абыякавымі да спраў на радзіме, не былі такімі салідарнымі ў падтрымцы Бацькаўшчыны. У дзесятках краін розных кантынентаў яны павыходзілі на плошчы гарадоў з бел-чырвона-белай сімволікай і плакатамі падтрымкі, арганізавалі збор сродкаў пацярпелым ад рэпрэсій. Яшчэ ніколі мы не бачылі такой салідарнасці і падтрымкі ад суседніх народаў, ад урадаў і палітыкаў бліжэйшых сумежных дзяржаў, асабліва Польшчы і Літвы. Нават у Маскве прайшло нямала акцый салідарнасці з беларусамі ля амбасады Рэспублікі Беларусь, а футбольныя фанаты на стадыёнах там неаднаразова скандавалі “Жыве Беларусь!”. І толькі пазіцыя крамлёўскіх уладароў застаецца непахіснай – яны падтрымліваюць і будуць падтрымліваць свайго адыёзнага васала да апошняга дня. Выразна паказала сябе і фальшывая палітыка кіраўніцтва Еўразвязу, якое цэлы час падкрэслівае, што праблемы Беларусі – гэта кампетэнцыя Масквы, якой належыць іх вырашаць. І хоць Еўразвяз афіцыйна не прызнаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, рэальна ён патурае пуцінскаму курсу ў дачыненні нашай краіны. Адзін з еўрапейскіх камісараў, нават імя яго згадваць не хочацца, настолькі агідна, дагаварыўся нават да таго, што “Беларусь – гэта не Еўропа”. Ні больш, ні менш. І ніякіх ілюзій у дачыненні да брусэльскага курсу тут мець не варта. Іхная рэал-палітык раней ужо давяла да парушэння тэрытарыяльнай цэласці Грузіі і Украіны, многіх праблемаў у Еўропе. Так што ў прынцыпе нічога новага.
У душах сапраўдных патрыётаў Беларусі за гэтыя тыдні адбылася выразная перамога нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікі над фальшывай і каланіяльнай чырвона-зялёнай. Людзі зрабілі свой выбар, людзі ўбачылі: бел-чырвона-белы сцяг – гэта свабода, гэта радасць, гэта праўда і святло. Чырвона-зялёны сцяг – гэта сімвал балоцістай твані, залежнасці ад Масквы, сімвал гвалту і цемры. Асабліва найяскравей гэта стала відаць, калі чырвона-зялёнымі сцягамі ўлады “упрыгожылі” жалезныя аўтазакі, у якіх закідвалі і ў якіх катавалі грамадзян, што хочуць “звацца людзьмі”. Бел-чырвона-белы сцяг – гэта сімвал вольнасці і міру, чырвона-зялёны – сімвал каланіяльнасці і смерці. Выбар зроблены жыццём і падзеямі, а тыя, хто спрабуюць выходзіць на вуліцы адначасна з двума дыяметральна супрацьлеглымі сцягамі – альбо дурні, альбо правакатары. Бо ніколі чорнае не можа быць белым, такая яго прырода і сутнасць. А таму фальшывае і хлуслівае ніяк не можа і не павінна спадарожнічаць сапраўднаму.
Амаль усе гэтыя дні я хадзіў на плошчы Гародні, назіраў за людзьмі і доўга не мог зразумець, чаму ж яны радуюцца. Бо нічога яшчэ пакуль па вялікім рахунку не змянілася з агульнай сітуацыяй улады: яна па-ранейшаму ў руках тых, каму не павінна належаць, яна па-ранейшаму пагражае людзям арыштамі і расправай, яна, гэта чорная сіла пад чырвона-зялёнай сімволікай, не хоча сыходзіць у адстаўку, яна па-ранейшаму трымае ў закладніках палітычных вязняў, трымае пад прыцэлам усіх нас. І, падаецца, што гэтая ўнутраная і знешняя радасць многіх людзей – гэта не столькі неабачлівая заўчасная эйфарыя, а самарадасць з таго, што чалавек пераадолеў свой унутраны даўні, нават генетычны, страх, які доўга паралізоўваў яго волю, сумленне, розум. Гэтае ўнутранае разняволенне хіба і ёсць рэвалюцыя сведамасці, яна вядзе да яднання і салідарнасці, і ўрэшце да асэнсавання і разумення прычынаў, чаму наша нацыя апынулася ў такой залежнасці ад узурпатара і яго маскоўскіх патронаў.
Беларуская нацыя ўжо зараз паказала свету нейкі неверагодны варыянт еўрапейскага гандызму дваццаць першага стагоддзя. Супраць чорнай карнай і ашчэранай збройнай сілы супрацьпастаўлены кветкі, паветраныя шарыкі і бел-чырвона-белая сімволіка. Супраць нянавісці і зла – іронія, лагоднасць і усмешкі. І аніводнага гвалтоўнага дзеяння з боку дэманстрантаў, якіх у сталіцы Беларусі збіралася ўжо сотні тысяч, а ў некаторых іншых гарадах – дзясяткі тысяч. Нібыта гэта зусім не палітычныя мітынгі і акцыі, а нейкі суцэльны фестываль ці святочны карнавал.
Але зараз у многіх яшчэ шмат зняверанасці і сумневаў, трывогі і цвярозай ацэнкі сітуацыі. Рэжым па-ранейшаму пагражае народу расправай, трымае палітвязняў у закладніках, пачынае новыя крымінальныя і адміністрацыйныя справы, хапае новых вулічных лідараў і актывістаў. Ці выйдзе з гэтай вялікай чорнай хмары толькі малы дождж, ці на галовы нязгодных з цяперашнім узурпатарскім рэжымам абрынецца новая хваля жорсткіх рэпрэсій з чарговымі ахвярамі – невядома. Апрычнікі і карнікі рэжыму нікуды не падзеліся. Вельмі шмат, як часта бывала і раней, залежыць ад пазіцыі маскоўскага Крамля. А ён ніяк не хоча адпускаць Беларусь з сваіх крывавых імперскіх абдымкаў. Пра гэта сведчаць усе афіцыйныя заявы Масквы, якая толькі фармальна пакуль застаецца нібыта “ні пры справах”. Але, з іншага боку, шмат чаго ўжо ў руках і галовах самога беларускага народу, які становіцца новым суб’ектам палітычнага працэсу, рэальным чыннікам вызвалення і пераменаў.
Уладзімір Хільмановіч