Брод у каламутнай вадзе



Расейскія праваабаронцы звінавацілі Захад у парушэнні правоў расейцаў у замежжы. І гэта не анекдот, а самая што называецца медыйная рэальнасць сённяшняга дня. Чия б корова мукала, як кажуць украінцы, ці чые б цяляты рыкалі, як кажуць беларусы.

Дык вось адзін з такіх праваабаронцаў, нехта Аляксандр Брод, палез у каламутную ваду без аніякага броду. Ён заявіў, што расейцам адмаўляюць у навучанні і лячэнні за мяжой, блакуюць рахункі і нават адмаўляюцца абслугоўваць у рэстаранах. Цікава, а як жа іх ідэнтыфікуюць у гэтых рэстаранах ды кавярнях?! Там жа ніхто не спраўджае пашпарты ды пасведчанні асобы. Можа распазнаюць па расейскай улюбёнай мацернай «речи»? Ці можа па нашытых на адзежу характэрных літарах Z? А сама страшнае, па словах гэтага Броду, тое, што «имеют место попытки отменить российскую культуру и переписать историю». Так і бачыцца мне, як афіцыянты парыжскіх бістро, пражскіх корчмаў і лонданскіх пабаў замест стараннага занатоўвання заказаў расейскіх кліентаў на хаду перапісваюць расейскую гісторыю.

Зазірнуў я і ў біяграфію гэтага Броду, які зяўляецца членам Савета па правах чалавека (увага!) пры прэзідэнце Расеі. Шчаслівае самарскае дзяцінства і ружаватае юнацтва, як сказаў быў Астап Бэндэр, можна прапусціць. Як выславіўся б далей Вялікі камбінатар, у той блакітненькі час маленькі Саша яшчэ не займаўся ніякай праваабаронай, што цалком зразумела. Маладосць была таксама нічога сабе. А вось ужо ў 2002 годзе Аляксандр Брод стварыў арганізацыю пад назвай Маскоўскае бюро па правах чалавека – МБПЧ (любяць расейцы такія абрэвіятуры!). У 2004 годзе гэты змагар за правы чалавека намерваўся прыцягнуць да суду рэжысёра і актора Мэла Гібсана за ягоны фільм «Жарсці Хрыстовыя» і адначасна расейскую кампанію за арганізацыю пракату кінастужкі. Паралельна Брод атрымаў на тры гады вялізны грант ад шчодрых заходніх еўрапейцаў на супрацьдзеянне расізму і ксенафобіі ў Расеі. Творча яго скарыстаў. Выдаваў брашуры, у якіх чвэрць тэксту займалі цытаты з Пуціна. Хваліў празрыстасць выбараў у расейскую Дзярждуму. Апраўдваў ваеннае уварванне Расеі на тэрыторыю Грузіі ў 2008 годзе, ну і далей ўсё бліжэй да афіцыйнай крамлёўскай ідэалогіі. Якая дзяржава – такія і праваабаронцы.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ