Чаго ад каго чакаць



Неспакойна ў свеце ад самага пачатку года. То Аўстралія ў агні і не спыніць тых страшных пажараў, то Афрыку накрываюць хмары саранчы, то ў буйнейшай краіне Азіі Кітаі імкліва распаўсюджваецца смяротны каронавірус. Нібы ўсе прадвеснікі біблейскага апакаліпсісу насунуліся на планету Зямля.

Беларусь пакуль не гарыць, не затапляе і надзвычай лагодная мяккая зіма не стварае ніякіх прыродных праблем, а тым больш катаклізмаў. А трывога, тым ня менш, усё нарастае. Прычына нязменная і ўся тая ж, што і сто, дзвесце, пяцьсот гадоў таму – агрэсія з боку Масквы. Гэтая чорная навала з усходу нібыта адвечны праклён для нашай зямлі. Гэтая пагроза як перманентная і бясконцая з’ява. А тым больш зважаючы на еўрапейскую канцэпцыю рэал-палітык, дзе слабейшага моўчкі дадуць растаптаць і нават сцерці з мапы кантыненту.

Тое, што здарылася на мінулым тыдні ў Страсбургу, іначай як чарговай палітычнай капітуляцыяй Еўразвязу перад Масквой і назваць нельга. Можна апісаць гэта і адным ёмкім беларуска-польска-украінскім словам, дадаўшы клічны знак – “Ганьба!”. А адбылося наступнае: сесія Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы аднавіла паўнамоцтвы Расеі ў поўным аб’ёме. Паўнамоцтвы гэтыя адноўлены без аніякіх умоў, заўваг і выпрабавальных тэрмінаў. Больш таго, прынятыя такія папраўкі, якія практычна выключаюць увядзенне еўрапейскіх санкцый супраць Расеі. І нават яшчэ больш. Вылучэнец той сама Масквы Пётр Талстой абраны намеснікам старшыні Парламенцкай Асамблеі. Трэба сказаць, што Расею раней не выключылі з гэтай ПАРЕ, хоць за акупацыю Крыму і ваенную агрэсію на Данбасе павінны былі гэта зрабіць. Паўнамоцтвы Расеі тады проста былі прыпыненыя. Масква перастала плаціць складкі і еўрабюракраты вельмі моцна захваляваліся. Зараз жа дзяржава-агрэсар непрыхаваным шантажам і, думаецца, іншымі метадамі, аднавіла свае пазіцыі. Дзяржавы “другога эшалону” – Грузія, краіны Балтыі, Польшча, натуральна Україна канешне выступалі супраць такога таптання закону і маралі. Але ў палітыцы Еўразвязу не месца прынцыповасці і тым больш маралі. У ёй асноўныя кірункі вызначаюць моцныя Старога свету – найперш Германія ды Францыя. А ў іх з Пуціным калі не поўная любоў, то поўнае паразуменне ў геапалітычных і эканамічных інтарэсах. Трэба было бачыць як на нядаўнім саміце ў Берліне пры заключным фатаграфаванні, з якім паклонам прэзідэнт Францыі Макрон кінуўся да Пуціна, ледзь не цалаваў таму рукі.

Так што фактычна Рада Еўропы заплюшчвае вочы на ўсе міжнародныя злачынствы, здзейсненыя крамлёўскім рэжымам, а значыць выдае карт-бланш на далейшую расейскую агрэсію. З многіх адкрытых крыніц добра вядома, што Расея сканцэнтравала на мяжы з Украінай вялізныя вайсковыя фармаванні, а значыць прывід новай, куды больш страшнай вайны, набывае рэальныя абрысы. Многія разумеюць, што Пуцін апантаны ідэяй рэваншу за распад, а ён лічыць за развал, Савецкага саюзу. І што ён з сваім бліжэйшым  атачэннем не спыніцца ні перад чым. Пад крамлёўскім прыцэлам найперш Україна і Беларусь, а далей краіны Балтыі і Усходняй Еўропы.

На што спадзявацца беларусам у гэтай амаль фатальнай сітуацыі, акрамя Госпада? Дакументальна гарантамі незалежнасці Рэспублікі Беларусь паводле будапешцкага мемарандуму, як вядома, акрамя Расеі (вось гэта гарант дык гарант!), з’яўляюцца Вялікабрытанія і ЗША. Чаго вартае цяперашняе міжнароднае права, паказалі крымскія падзеі 2014 года. І ўсё ж нейкія спадзевы на прынцыповую палітычную пазіцыю Брытаніі і Амерыкі ёсць. Вялікабрытанія зараз выйшла з Еўразвязу, з чым яе можна павіншаваць. А яе прэм’ер-міністр Борыс Джонсан, здаецца, здольны на нейкія прынцыповыя пазіцыі. Прынамсі апошняя яго размова ў тым жа Берліне з Пуціным дазваляе на гэта спадзявацца. ЗША ад нас далёка, сёлета ў іх прэзідэнцкія выбары і ці захаваюць рэспубліканцы пазіцыі, невядома. Але ў кожным разе візіт дзяржсакратара Майка Пампеа ў Кіеў і Мінск – добры знак. Той, хто топіцца, і за трэску хапаецца. Так і ў нас. Пакуль дыхаем – на нешта лепшае спадзяемся.

Уладзімір Хільмановіч   

  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ