Чысціня і парадак



Афіцыёзная прапаганда Рэспублікі Беларусь вельмі любіць хваліцца парадкам на вуліцах беларускіх гарадоў. Літаральна ў кожным сюжэце дзяржаўных медый пра замежнікаў можна прачытаць ці пачуць пра тое, як госці сталіцы і іншых населеных пунктаў сінявокай рэспублікі захапляюцца чысцінёй праспектаў і грамадскім парадкам. У значнай ступені гэта праўда. Асабліва калі параўноўваць з расейскімі ці ўкраінскімі гарадамі. Ці нават іншымі былымі савецкімі рэспублікамі – сапраўды ў Мінску чысцей, чым у сённяшніх Вільні ці Тбілісі. Аднак, як казаў дзядуля Айнштайн, усё адносна. У пераважнай бальшыні цяперашніх еўрапейскіх гарадоў, у тым ліку і ў суседняй Польшчы, такая ж, а то і большая чысціня.

Чысціня вуліц беларускіх гарадоў абумоўлена двума фактарамі. Па-першае, традыцыямі мясцовых насельнікаў – колькі б ні нішчыла савецкая ўлада лепшыя рысы беларускага народа, а звычкі гаспадарлівасці, дбайнасці і акуратнасці ўсё жывуць. Па-другое, аўтарытарнасцю дзяржавы. У жорстка цэнтралізаванай дзяржаве проста павінен быць знешні парадак і дысцыпліна. Шматлікія дворнікі пачынаюць працаваць ужо ноччу і многія гадзіны сноўдаюць нібы пчолкі. Працуюць яны шмат, а атрымліваюць мізэрную зарплату. Прычым гэта ўсё мясцовыя жыхары, у адрозненне, скажам, ад Масквы, дзе карэнныя насельнікі ніколі не пойдуць працаваць дворнікамі – там такія працоўныя функцыі амаль цалком ускладзены на прадстаўнікоў “сонечных узбекістанаў” – шматлікіх гастарбайтараў расейскай сталіцы.

Ну, а калі ў страшную спёку касцы рэжуць апошнюю пажоўклую і высахлую траву – бачу гэта якраз са свайго вакна, калі пішу гэтыя радкі – сітуацыя “парадку” нагадвае ўжо тэатр абсурду. Але так дзеіць сістэма – калі паўгода таму было на паперы прынятае рашэнне, што 19 чэрвеня на канкрэтным участку павінна быць скошана трава, то яна будзе ў гэты дзень касіцца. Нават калі снег выпадзе, ці паводка заліе тую частку горада. Абуюць гумовыя рыбацкія боты і пойдуць касіць. Нават калі травы зусім не будзе. Усё для фронту усё для перамогі!

А калі мы возьмем панятак “парадак” у сэнсе грамадскага парадку, то тут усё намнога складаней. Беларускі новы “орднунг” абумоўлены жорсткасцю ахоўнікаў правапарадку, карнасцю судовай сістэмы, у якой асоба чалавека – нішто, значнасць дзяржавы – усё. Таму штрафы узведзены ў ранг культу, дамінанты дзяржавы над чалавекам. Не сакрэт, што доблесная міліцыя мае планы па колькасці, скажам, адміністрацыйных правапарушэнняў. Калі ва ўчастковага міліцыянта мала за месяц складзеных пратаколаў – гэта ніколі не значыць тое, што ён добра працуе прэвентыўна, ці тое, што на гэтым участку ў гэтым месяцы сапраўды было мала правапарушэнняў. З боку начальства гэта азначае толькі адно – участковы кепска працаваў. Таму трэба вышукваць парушальнікаў закону і папраўляць адпаведную статыстыку.

Каго штрафуюць найперш у Беларусі – канешне грамадскіх актывістаў, якія выказваюць незадавальненне дзейнасцю ці бяздзейнасцю дзяржаўных органаў, імкнуцца рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы, канешне незалежных журналістаў, якія асвятляюць негатыўныя з’явы ў дзяржаве і грамадстве, канешне прадпрымальнікаў, якія жывуць з цяжкай мазольнай працы рук сваіх і якіх дзяржава душыць падаткамі. Зразумела, што штрафуюць і звычайных простых людзей – безабаронных і няздольных самастойна бараніцца. Людзі ж у сваёй бальшыні не хочуць ведаць пра цэлую сістэму несправядлівасці. Натуральна да таго дня, пакуль сістэма не закране іх самых. А яна абавязкова закране кожнага. Бо калі ў праваахоўнай сістэме няма элементаў справядлівасці, адэкватнасці і галоснасці, рэпрэсіўнасць і маштаб яе механізмаў будзе толькі нарастаць.

Мне ніколі не даводзілася бачыць у сваім горадзе, каб міліцыянты штрафавалі грамадзян за лаянку матам у публічным месцы (а гэта лаянка скрозь!), каб штрафавалі тых кіроўцаў, якія ганяюць па гарадскіх вуліцах з двух- ці трохразовым перавышэннем скорасці, тых жа аўтамабілістаў за празмерна гучную музыку на ўсё наваколле (звычайна гэта расейская папса ці рэп), каб штрафавалі хамаў за іх вялізных сабак без наморднікаў і павадкоў. Усе гэтыя дзеянні з’яўляюцца, між іншым, паводле закону адміністрацыйнымі правапарушэннямі. Так што вось такі грамадскі парадак…

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ