Доўгая вайна



Ваенная экспансія Расеі, якая планавалася як кароткатэрміновая, у некалькі дзён, захопніцкая аперацыя ўсёй Украіны, альбо большай яе часткі, улучна з сталіцай Кіевам і наступнымі па колькасці насельніцтва гарадамі Харкавам і Адэсай, з трэскам правалілася. Відавочна, што разлікі маскоўскіх генералаў і іх палітычных кіраўнікоў сталіся памылковымі. Па выніках 10 дзён зацятага супраціву ўкраінскага войска і сфармаваных сілаў тэрытарыяльнай абароны супраць агрэсараў выразна відаць, што вайна будзе доўгай. Мозг ліхаманкава шукае хоць бы тэарэтычнае мірнае развязанне гэтага супрацьборства і ніяк не знаходзіць. Палітыкі ўсяго свету, духоўныя аўтарытэты, рэлігійныя лідары тэлефануюць, пішуць Пуціну, ляцяць у Маскву на сустрэчу і просяць крамлёўскага ўладара спыніць бамбардаванне мірных гарадоў і сесці за стол перамоваў. У адказ усе чуюць неадменнае пуцінскае – «Не!». Ён заяўляе, што гатовы спыніць вайну толькі тады, калі ўкраінскія войскі і і народная самаабарона перастануць страляць. У перакладзе з расейскай на звычайную мову гэта азначае – толькі тады, калі Украіна поўнасцю здасца на літасць акупантаў і сядзе за стол падпісваць акт аб безумоўнай капітуляцыі.

Дзве рэчы ў агульным працэсе страшнай вайны ўражваюць асабліва. Адна – гэта масавы гераізм украінскага народу, які паказаў і Расеі і ўсяму свету, што такое прага свабоды і незалежнасці. Гэты народ ужо не заваюе і не скорыць ніхто. Яго можна знішчыць толькі фізічна і ашалелая Масква гатовая пайсці на такое, бо прадстаўнікам акупантаў не зразумець свабоднага народу і яго адчайнага змагання.

Другая рэч – гэта ў лепшым разе абыякавасць, а ў горшым – агрэсіўнасць расейскага грамадства. З аднаго боку сумнеўна верыць іхным сацыялагічным апытанням, якія сцвярджаюць, што каля 70 адсоткаў расейскага грамадства падтрымліваюць курс Пуціна, а значыць выступаюць за вайну. Але ёсць іншы, больш яскравы і праўдзівы індыкатар стану расейскага грамадства. На антываенныя мітынгі ў агромністым мегаполісе Маскве выйшла толькі 2 з паловай тысячы людзей, у вялізным Пецярбургу – паўтары тысячы. Такая мізэрная колькасць тых, хто выступіў супраць вайны выразна сведчыць пра ўсё.

І як тут не прыгадаць пісьменніка-класіка Фёдара Дастаеўскага з яго ацэнай стану расейскага люду: «Народ, які блукае па Еўропе і шукае, што можна разбурыць, знішчыць толькі дзеля забавы». Яшчэ больш жорстка выказваўся расейскі філосаф Іван Ільін: «Расея – сама паскудная, да ванітаў мярзотная краіна ва ўсёй сусветнай гісторыі. Метадам селекцыі там вывелі жахлівых маральных пачвараў, у якіх сам панятак Дабра і Зла навыварат. Усю сваю гісторыю гэтая нацыя боўтаецца ў лайне і пры гэтым жадае патапіць у ім увесь свет…».

А што ж Беларусь і беларусы, якіх зараз папракаюць многія у бяздзейнасці? Беларусь першай была канчаткова акупаваная Расеяй ў 2020 годзе. Беларусь не супраціўлялася збройна і была фактычна цалком захоплена як плацдарм для далейшага наступу імперскай Масквы. Што мы і бачым зараз, калі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ляцяць ракеты. Ясна, што ў 2020-ым і яшчэ раней нас прадалі ўсе моцныя гэтага свету як разменную манету, растапталі ўсе гарантыі будапешцкага мемарандуму 1994 года, які дэкляраваў непахіснасць нашага суверэнітэту – толькі б не пасварыцца з Расеяй, толькі б працягваць сваю рэал-палітык. Якой бы ні была праўда, зараз гэта не хочуць зразумець многія, а нам, беларусам, яшчэ доўга расплочвацца за сваю паразу – Vae victis! Такая доля ўсіх прайграўшых, а беларусы заўсёды ва ўсіх чужых войнах толькі прайграюць. Нам не сорамна ні за 2010 год, ні за 2020-ы год. Але беларусы расплочваюцца за сваю нацыянальную ганьбу 1994-1996 года, калі спярша выбралі крывадушнага знішчальніка з прагай герастратавай славы, а потым не змаглі абараніць свой парламент, здрадзілі роднай мове і сімволіцы на прыніжальным рэферэндуме. Усё, што адбывалася далей, ішло толькі ў рэчышчы таго фатальна выбранага шляху. Калі гэтая, і так доўгая вайна, зацягнецца, пытанне будзе стаяць увогуле пра існаванне беларускай дзяржавы. Такая горкая рэальнасць.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ